BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ірына Сідорская: Нельга талераваць гвалт, але рэагаваць трэба цывілізавана

Што такое харасмент, як ён можа праяўляцца і чаму кепская ідэя заплюшчваць на яго вочы? На гэтыя актуальныя пытанні на фоне апошніх навін адказвае Госця Рацыі — гендарная даследчыца, кандыдатка філасофскіх навук Ірына Сідорская.

Фота з асабістага архіву.

РР: Што наогул такое харасмент і які ён бывае?

Ірына Сідорская: Харасмент – гэта дамаганні і перш за ўсё сексуалізаваныя дамаганні, якія ажыццяўляюцца тым, з кім ты або разам працуеш, альбо вучышся, не ў прыватнай абстаноўцы, не, напрыклад, у суседскіх сувязях, а менавіта звязанае з працай, альбо вучобай. Дакладна няма канчатковага спісу, што можа ўваходзіць у харасмент, гэты спіс абнаўляецца, на жаль, амаль кожны дзень. І таму вычарпальнага спісу там няма. Але зразумела, калі мужчыны, напрыклад, дасылаюць свае аголеныя фота жанчынам, з якімі яны маюць нейкія працоўныя сумесныя праекты, гэта цалкам падпадае менавіта пад харасмент.

РР: Давайце можа патлумачым, а што можа быць яшчэ. Зразумела, што ў кантэксце апошніх навін гэта акурат вось такія здымкі. А што датычыцца словаў, намёкаў?

Ірына Сідорская: Згодная, дотыкі любыя непажаданыя, любыя намёкі, любыя запрашэнні, там выпіць каву, сустрэцца вечарам, напрыклад, не па месцы працы, а недзе ў кавярні. Яшчэ раз кажу, гэта не вычарпальны спіс, ён увесь час абнаўляецца. Але ўсё, што не датычыць вашых адносінаў як калег, як тых, хто разам вучыцца, штосьці такое, што ставіць пад пагрозу асабістыя межы жанчыны, гэта ўсё харасмент, альбо сэксуалізаванае дамаганне.

РР: Чаму гэта кепска, бо знойдуцца людзі, якія скажуць: а што тут такога? Таму хачу вас папрасіць падкрэсліць, чаму тут чалавек ставіцца ў такое ўразлівае становішча.

Ірына Сідорская: Гэта дакладна не пра флірт, не пра закаханасць, не пра асабістыя адносіны паміж мужчынам і жанчынай, гэта менавіта, па-першае, пра парушэнне граніцаў, пра тое, што жанчына, да якой мужчына гэты харасмент ужывае, яна з’яўляецца для яго аб’ектам, не персонай, не суб’ектам, якая мае сваё бачанне гэтых адносін, якая мае свае пачуцці, свае прынцыпы, свае намеры, а менавіта як да аб’екту, а суб’ектам з’яўляецца толькі сам гэты мужчына. Ну і, напэўна, самае галоўнае, што ёсць у харасменце – гэта няроўнасць статусаў гэтага мужчыны і гэтай жанчыны. У таго, што ажыццяўляе харасмент, заўсёды статус значна вышэйшы. Гэта можа быць выкладчык да студэнткі, альбо гэта можа быць кіраўнік да падначаленай.

Цалкам размова:

Ірына Сідорская зазначае — нельга талераваць гвалт, гэта можа мець вельмі кепскія наступствы ў далекай перспектыве. Беларускаму грамадству варта рэагаваць на яго, але рабіць гэта цывілізавана.

Беларускае Радыё Рацыя