20-га ліпеня беларуская каманда “Маладыя Людзі+” запусціла чат-бот пад назвай “ВІЧАТ” (@WI_chat_bot ). Паводле задумы, інфармацыйны рэсурс дапаможа атрымаць разгорнутую інфармацыю пра ВІЧ для моладзі ў Беларусі. І нездарма: па стане на 2023 год у Беларусі пражывала 10 065 маладзёнаў да 35 год з ВІЧ-інфекцыяй. Штогод у краіне ад ВІЧ памірае каля 600 чалавек.
“Госця Рацыі” – прадстаўніца каманды “Маладыя Людзі+” Іва Шкода распавяла пра чат-бот, а таксама пра тое, чым пагражае ВІЧ-інфікаванай асобе ў Беларусі спроба пастаноўкі на ўлік у шпіталі, чаму беларуская моладзь хварэе на ВІЧ, а таксама ці закранулі заходнія санкцыі пастаўкі лекаў для ВІЧ-інфікаваных у Беларусі.
РР: Распавядзіце калі ласка пра новы чат. Для чаго ён быў створаны?
Іва Шкода: Гэта чат-бот у Тэлеграме. Мы зрабілі Інстаграм, каб там публікаваць навіны пра чат-бот. Чат-бот пачаткова створаны для моладзі, якая жыве з ВІЧ. Калі мы яго распрацоўвалі, то падбіралі такі падыход, дызайн і падачу, каб прыцягнуць увагу моладзі, якая жыве з ВІЧ, каб дапамагчы ім. Чат-бот кансультуе па пытаннях жыцця з ВІЧ. У тым ліку на дадзены момант ёсць магчымасць аказання псіхалагічнай і бясплатнай юрыдычнай падтрымкі. Праўда цяпер у нас магчымасці абмежаваныя па аказанні псіхалагічнай і юрыдычнай падтрымкі. Але мы працягваем шукаць магчымасці працягнуць гэтую падтрымку, каб яна была больш-менш стабільнай.
РР: Хто можа карыстацца чат-ботам?
Іва Шкода: У нас многа шырокая мэтавая аўдыторыя, на якую накіраваны гэты чат-бот. Як асноўная мэтавая аўдыторыя, гэта моладзь з ВІЧ унутры Беларусі. Кансультацыі юрыстаў па заканадаўству даюцца менавіта па Беларусі. У тым ліку інфармацыю мы арыентавалі менавіта пра моладзь, якая жыве ўнутры Беларусі, якая жыве з ВІЧ. Псіхалагічную падтрымку мы аказваем усім людзям, якія жывуць з ВІЧ, не толькі ўнутры краіны і не толькі моладзі. Напрыклад, інфармацыйная падтрымка. Чат-бот прадстаўляе агульную інфармацыю пра ВІЧ, не толькі пра жыццё з ВІЧ, але і пра перадачу ВІЧ, пра папярэджанне перадачы ВІЧ, пра сексуальнае здароўе, пра іншыя віды, якія перадаюцца палавым шляхам, зніжэнне рызыкі і сексуальная адукацыя.
РР: Ці ёсць нешта падобнае ў Беларусі зараз?
Іва Шкода: Праблема як раз такі ў тым, што з-за ліквідацыі большасці НДА ў Беларусі, а ВІЧ-сэрвісных арганізацый у Беларусі заўсёды было мала. Цяпер можна сказаць, што засталіся адзінкі, хто працуе з тэмай ВІЧ у Беларусі. У тым ліку наша ініцыятыва “Маладыя Людзі+” ад якой мы і распрацоўвалі гэты чат-бот. Дзяржава ў цэлым не працуе з гэтай тэмай. Уласна гэтым чат-ботам мы і хацелі неяк на яе паўплываць, аказаць падтрымку моладзі, якая жыве з ВІЧ у Беларусі, якая цяпер практычна поўнасцю яе пазбаўлена. У тым ліку хочам працягваць займацца інфармаваннем. Ён дастаткова бяспечны, бо праводзіць любую інфармацыйную працу ўнутры краіны цяпер вельмі складана і можна сказаць, што практычна немагчыма. Цяпер усё даводзіцца рабіць ананімна і падпольна. Таму чат-бот стаў для нас такой ідэяй, рашэннем, як можна яшчэ знайсці шлях да нашай мэтай аўдыторыі, каб іх падтрымаць і агулам інфармаваць моладзь, якая жыве з ВІЧ і не толькі ўнутры краіны.
РР: Што цяпер становіцца першапрычынай таго, што людзі заражаюцца ВІЧ-інфекцыяй?
Іва Шкода: Паводле даследванняў за 2022 год, калі не памыляюся, то 80% выпадкаў заражэння ВІЧ на сённяшні дзень палавым шляхам у гетэрасексуальных парах. Таму можна адназначна казаць, што гэта не звязана з ужываннем рэчываў ці нейкімі пэўнымі групамі людзей. Як раз такі звязана з табуяваннем гэтай тэмы, з тым што людзі баяцца пра гэта штосьці даведвацца. То бок калі мы баімся чагосьці, мы стараемся гэтага пазбягаць і стараемся сябе запэўніць, што мы не маем з гэтым нічога супольнага. Усе стэрэатыпы пра тое, хто хварэе ВІЧ, хто перадае ВІЧ, яны як раз такі і распаўсюджваюць гэтае памылковае меркаванне, што з імі гэтага не здарыцца. З-за таго, што не праводзіцца практычна ніякай працы, нават калі праводзіцца, то яна ўсё яшчэ ў негатыўным плане праводзіцца. Людзей працягваюць застрашваць, казаць не ўжывайце наркотыкі, не займацеся сэксам па-за бракам і ў вас ніколі не будзе ВІЧ. На самой справе гэта няпраўда і статыстыка на сённяшні дзень пра гэта таксама сведчыць, што людзі ў шлюбе, у гэтэра парах заражаюцца ВІЧ.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя