Госця Рацыі – сузаснавальніца арганізацыі «Фем-група Беларусь», прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па гендэрнай роўнасці Юлія Міцкевіч. З ёй гутарыў Улад Грынеўскі.

РР: Мы гаворым ў кантэксце жаночага лідарства. Будзем спасылацца на канферэнцыю, якая прайшла ў Швецыі. Там, між іншым, прэзентавалі гендэрны закон. Хочацца, каб мы зрабілі своеасаблівае падсумаванне дзейнасці ў рамках вашай фем-групы, між іншым.
Юлія Міцкевіч: Па-першае, што для фем-групы лета не бывае стоадсоткавым адпачынкам. Таму што кожны год мы ці ладзім, ці рыхтуемся, як у гэтым годзе, да нашай самай вялікай падзеі, якую мы ладзім апошнія чатыры гады – і мы называлі гэта Фем-форум. І гэта былі форумы для феміністычнай беларускай супольнасці – фем- і квір-супольнасці. У гэтым годзе мы зрабілі невялікі рэбрэндынг. І зараз гэта называецца “ФемМітап-25”. Ён адбудзецца ў верасні, але мы зараз у стадыі вельмі актыўнай падрыхтоўкі. Гэты івэнт будзе нашай першай спробай аб’яднаць актывістак-феміністак розных генерацый, каб зрабіць такую пляцоўку, дзе яны змогуць пазнаёміцца, абмяняцца нейкімі ідэямі, магчыма з’явяцца ідэі нейкіх праектаў. Але самае галоўнае – гэта стварыць тое, што мы называем жывой гісторыяй. Таму што мы сутыкнуліся з такім момантам, што калі размаўляеш з кімсьці, то яны не ведаюць шмат чаго. Напрыклад, што жаночы актывізм, жаночы рух існуе ў Беларусі з 90-х гадоў. Ён адзін са старэйшых на постсавецкай прасторы. Будзем запрашаць спікерак з таго пакалення, актывістак, каб яны пазнаёміліся з тымі, хто працуе зараз. Шмат што адбылося, шмат што мяняецца, і таму вельмі файна знайсці прастору, каб падзяліцца тым, на што спадзяёмся, што трывожыць, аб чым марым.
Праект закона аб гендэрнай роўнасці даступны на старонцы дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай. Яго стваральнікі запрашаюць да публічнага абмеркавання.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






