Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла павіншавала беларусаў з 104-мі ўгодкамі Слуцкага збройнага чыну.

Сурвіла заклікае памятаць пра нашых продкаў, якія разумелі каштоўнасць свабоды і змагаліся за незалежнасць Беларусі. А таксама дапамагаць тым, што абараняе ад расійскага агрэсара Украіну, “бо гэта адначасна і змаганне за незалежнасць Беларусі”.
“Мы павінны дамагацца вызвалення беларускіх ваяроў з расійскага палону, неадкладнага вызвалення былога каліноўца Васіля Верамейчыка, міжнароднага прызнання правоў беларускіх ветэранаў змагання з Крамлём і іх сем’яў. Перакананая, што ў будучыні ўлады вольнай Беларусі павінны ўзнагародзіць беларускіх абаронцаў Украіны”, – піша старшыня Рады БНР.
27 лістапада беларусы адзначаюць угодкі Слуцкага збройнага чыну (Дзень Герояў). У лістападзе 1920-га на Случчыне пачаліся баі войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі з Чырвонай Арміяй. Сфармаваныя пераважна з сялянаў падраздзяленні да канца 1920-га ваявалі за незалежнасць Беларусі.
Івонка Сурвіла верыць, што “прыйдзе час, калі Бог вызваліць нас ад чужой навалы і сваіх здраднікаў”. Аднак не ўпэўненая, што сама дажыве да яго. Ёй ужо 88 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя






