BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Я б хацеў, каб усё ўкраінскае вярнулася ва Украіну”

Часовае вяртанне да межаў 2022 года да пачатку ваенных дзеянняў. На такую пазіцыю ў перамовах з расейскім бокам магло б пайсці ўкраінскае грамадства. З аднаго боку – трэба працягваць мабілізацыю, з іншага боку – патрэбны перапынак, каб вайскоўцы адпачылі і вярнуліся з фронту. Сваімі разважаннямі падзяліўся наш сённяшні Госць Рацыі – доктар псіхалагічных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытуту сацыяльнай і палітычнай псіхалогіі НАПН (Нацыянальнай акадэміі педагагічных навук) Украіны) Вадзім Васюцінскі. Падрабязней – у гутарцы з Алісай Поль.

РР: Якія настроі, па вашым меркаванні, ва Украіне на пачатку 2025 года адносна вайны, ваеннага стану і агулам?

Вадзім Васюцінскі: Мабыць, самую вялікую цікавасць выклікалі розныя падзеі наконт інаўгурацыі Трампа ў Амерыцы і яго прапановы, рашэнні, розныя ўльтыматумы, перадусім у бок Пуціна і Расеі, але таксама яго словы пра Грэнландыю, Канаду і г.д. Была такая цікавасць праз нейкі час і натуральна, што пераважна ўкраінцы меркавалі пра тое, што гэта ўсё будзе значыць для Украіны. Які будзе мець уплыў і ці будзе мець уплыў на падзеі расейска-ўкраінскай вайны. У прыватнасці зусім свежы вось гэты зварот Трампа да Пуціна, каб Пуцін ужо спыніў вайну. І рэакцыя з Масквы на гэты ўльтыматум не зусім зразумелая. Вельмі шмат размоваў ва Украіне вакол вось гэтага пытання – як далёка Трамп пойдзе ў сваіх патрабаваннях да Пуціна, ці захоча ён увогуле падтрымаць Украіну, ці толькі будзе думаць пра сваю амерыканскую выгаду ў гэтых пытаннях. Натуральна, ёсць вельмі шмат розных варыянтаў – ад больш такіх выгадрных для Україны да найменш выгадных. Ёсць шмат нават нейкай гістэрыі вакол гэтага, што вось мы ўжо фактычна перамаглі або мы ўжо практычна прайгралі.

Гэтыя тэмы даволі папулярныя і ў размовах штодзённых, і ў сярод блогераў, і на тэлебачанні, і г.д. Цікавасць да вайсковых дзеянняў такая памяркоўная, таму што няма вялікіх зменаў. Бачым такое павольнае прасоўванне наперад расейцаў, амаль кожны дзень чытаем пра тое, што расейцы занялі нейкую вёску. Напрыклад, горад Пакроўск, такі сярэдні горад, яны ўжо некалькі месяцаў не могуць узяць, хоць стаяць за некалькі кіламетраў ад гэтага горада. Сітуацыя ў пэўным сэнсе патавая, але гэта значыць, што не вельмі дрэнная для нас.

Пакуль што ўкраінцы не могуць актыўна наступаць, але могуць досыць паспяхова трымаць абарону. Вось неяк так.

Расейская агрэсія на Украіну доўжыцца 1000 і 70 дзён. Часцей за ўсё за апошнія дні расейцы атакавалі ўкраінцаў на Пакроўскім, Ліманскім і Тарэцкім накірунках.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сацыяльных сетак Вадзіма Васюцінскага