Госць Рацыі – былы палітвязень Руслан Парфёнаў з Мазыра з пяцігадовым стажам у самых жорсткіх калоніях рэжыму: наваполацкай і “Воўчых норах” у Івацэвічах. Руслан падзяліўся перажытым і адказаў на нашыя пытанні.

РР: Калі вы былі арыштаваныя?
Руслан Парфёнаў: Першы раз я быў арыштаваны 6 жніўня 2020 года і быў пасаджаны на 10 сутак.
РР: Чаму вас арыштавлі ў 20-ым годзе?
Руслан Парфёнаў: Гэта быў адміністрацыйны арышт, прысудзілі 10 сутак, а на наступны дзень з’явілася падазрэнне на крымінальную справу. Тады мяне абвінавацілі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў. Я быў сябрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Думаю, гэта было асноўнае для затрымання. Мы былі самымі актыўнымі ў сваім рэгіёне. 17-га я выйшай на волю. А 19-га жніўня мяне зноў арыштавалі – і ўжо на пяць гадоў.
РР: І вы адбылі ў зняволенні ўсе пяць гадоў?
Руслан Парфёнаў: Так.
РР: У якой калоніі?
Руслан Парфёнаў: Спачатку быў у калоніі №1 у Наваполацку, да канца 2023 года. Затым мяне перавезлі ў калонію ў Івацэвічах.
РР: А чаму вас перавезлі?
Руслан Парфёнаў: Я дакладна не ведаю чаму. Па маіх меркаваннях, тады пазбаўляліся ад самых актыўных, таму што я ў Наваполацку спрабаваў два разу падняць бунт. Супрацоўнікам, канешне, гэта не падабалася, бо ў рэшце рэшт можа штосьці ў мяне і атрымацца. Думаю, што гэта адна з прычын. У той перыяд яны тусавалі «палітзэкаў» са ўсіх калоній, проста групамі з адной калоніі на другую. На транзіце ў Бабрйскім СІЗА перасякаліся з іншымі групамі.
РР: Бунт супраць чаго? Якая была прычына?
Руслан Парфёнаў: Супраць унутранага рэжыму. Былі ўведзеныя новыя правілы і я з імі не пагаджаўся. Спрабаваў пратэставаць.
РР: А якія новыя правілы ў вас выклікалі нязгоду?
Руслан Парфёнаў: Першы раз было, калі змяніўся начальнік калоніі, новы забараніў браць з сабой лыжкі на памзону. Гэта ўсіх абурыла. Усе ціха былі незадаволеныя, а я сказаў, што калі так, то я не буду есці. Да мяне далучылася спачатку 10 чалавек, на другі дзень 20, на трэці 30. Але потым усе адмовіліся ад гэтага пратэсту. Можа з імі нехта паразмаўляў, не ведаю. Тады нейкіх захадаў у мой бок не было, таму што я гэта рабіў асцярожна, каб не браць на сябе адказнасць. А другі раз, калі трэба было зрабіць план на ўчастку, дзе паддоны збіваюць, трэба было зрабіць план у сціслы тэрмін. Яны пачалі нам казаць пра нейкія бонусы. Я пасмяяўся над гэтым і сказаў сваім палітычным, што калі вы мяне падтрымаеце, то давайце пагаворым з адміністрацыяй, калі ім трэба тэрмінова выканаць план, то няхай хаця б дазволілі піць гарбату на прамзоне. Адкрыта мяне падтымалі толькі два чалавекі. Але на мяне данеслі, і ў гэты ж день мяне пасадзілі ў ШІЗА.
РР: І колькі вы там сядзеі?
Руслан Парфёнаў: 20 сутак.
РР: Колькі разоў вы сядзелі ў ШІЗА?
Руслан Парфёнаў: У агульнай колькасці ў мяне было 107 сутак ШІЗА.
РР: Здароўя многа аднялося за гэтыя 107 сутак?
Руслан Парфёнаў: Пасля вызвалення ў мяне выявілі праблемы з сэрцам. Калі я вызваліўся, я адразу з’ехаў у Грузію. І там тэрмінова мне зрабілі аперацыю на сэрца.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






