BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Я ўжо складаў планы на тое, што буду рабіць у Беларусі”

Напярэдадні Калядаў здараюцца цуды. Яны адбыліся і з людзьмі, якіх вызвалілі з турмаў Беларусі напярэдадні святаў. Як зазначалі некаторыя палітвязні на прэс-канферэнцыі ў Вільні, якая прайшла 22 снежня, яны верылі ў тое, што іх могуць вызваліць бліжэйшым часам. Разам з тым яны дзякавалі амерыканскім і еўрапейскім палітыкам, а таксама ўсім неабыякавым людзям, якія спрычыніліся да іх вызвалення. І жадалі сваім знаёмым за кратамі таксама зведаць гэтае пачуцце свабоды бліжэйшым часам, напярэдадні святаў.

Праваабаронца Уладзімір Лабковіч расказаў, як палітвязні за кратамі даведваюцца пра вызваленні і як на гэта рэагуюць:

– Калі вызвалялі першую групу – 52 чалавекі ў верасні, я тады быў у чацвёртай турме, гэта магілёўская турма. Там няма радыё, там вельмі кепска даходзяць газеты. Я пра гэта даведаўся падчас прагулцы ў дворыку, таму што гэта адзіная магчымасць калі ў турме можа патрапіць да цябе нейкая інфармацыя. Вызваленне кожнага ўспрымаецца вельмі двухсэнсоўна. З аднаго боку тыя, хто знаходзяцца за кратамі, радуюцца, таму што працэс ідзе і хтосьці ўжо вырваўся, а другі момант – гэта адчуванне цяжкасці і фрустрацыі, што ты не ў гэтым спісе.

Пра сваё вызваленне распавядае малады палітвязень Валерый Папоў, якога таксама вызвалілі 13 снежня і які ўдзельнічаў у прэс-канферэнцыі:

– Мне заставалася да выхаду пяць месяцаў і дваццаць дзён. Я ўжо будаваў планы на тое, што буду рабіць у Беларусі, што пабачуся з усімі сваякамі, закрыю нейкія пытанні, складу свой радавод, займуся гэтым, – і затым з’еду ў замежжа і буду жыць са сваімі блізкімі сябрамі.

РР: Ці думалі, што вас так выкінуць з краіны?

– Я ведаў, што такое можа быць і хлопцы з розных арганізацый магчыма падалі мяне ў розныя спісы, но я не чакаў, што гэта будзе так хутка.

Зараз большасць з вызваленых 13 снежня палітзняволеных вызначаецца з краінай сталага побыту. Хтосьці абраў Польшчу, хтосьці Літву, некаторыя атрымалі прапанову з Нямеччыны. Камусьці з іх будзе лягчэй легалізавацца, а камусьці не вельмі, бо 20 чалавек вывезлі з Беларусі без пашпартоў.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя