“Я выходжу!” – акцыя памяці Рамана Бандарэнкі прайшла 9 лістапада ў Вільні. На плошчы Вінцаса Кудзіркі сабралася каля 30 беларусаў, каб ушанаваць памяць забітага сілавікамі пяць гадоў таму менчука, які выйшаў у свой двор бараніць бел-чырвона-белую сімволіку ад вандалаў. Для шматлікіх беларусаў ён стаў сімвалам мужнасці і адвагі.

Акцыю арганізавалі валанцёрская арганізацыя “Дапамога” сумесна з аб’яднаннем палітвязняў RE:BELarus і партыяй “Народная Грамада”.

Як кажа ментарка арганізацыі “Дапамога” Таццяна Ігнаццева, такія акцыі памяці вельмі важныя, у тым ліку для яднання беларусаў:
– Мы згадваем Рамана з гэтай інсталяцыяй з бел-чырвона-белых стужак, з-за якіх уласна ён і загінуў. Таму што ён абараняў сваё права і права сваіх суседзяў на тое, каб прамовіць пратэст такім чынам. І, абараняючы сваю тэрыторыю і сваю годнасць, чалавек сышоў з жыцця абсалютна гвалтоўна.
На акцыі прагучалі дзве прэм’еры песень – Сяргея Космаса і Марыі Доўнар, якія прысвяцілі свае творы Раману Бандарэнку.

Паводле Марыі Доўнар, яна не ведала асабіста Рамана Бандарэнку, але натхнілася яго подзвігам і прысвяціла яму сваю песню, якую выканала ўпершыню перад шырокай публікай:
– Таксама я раблю праект, дзе мы ператвараем гісторыі беларускіх герояў у казкі, каб дзеці таксама ведалі гісторыю, ведалі за што мы тут змагаемся, ведалі нашы беларускія каштоўнасці. І Раман Бандарэнка быў адным з герояў, пра каго мы пісалі казку. І я вырашыла, што я хачу запісаць пра яго і песню. І гэтыя словы пра “Дрэва перамен” можа калі-небудзь з’явяцца зноў у вольным двары перамен у Менску.
Удзельнікі акцыі павязалі бел-чырвона-белыя стужкі ў выглядзе нацыянальнага сцяга як сімвал волі і нескаронасці. А таксама запалілі знічы ля партрэта Рамана Бандарэнкі.
Цалкам матэрыял:

























Беларускае Радыё Рацыя





