BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Яго голас ведалі тысячы беларусаў

Беларускі журналіст Альгерд Невяроўскі нарадзіўся ў Менску 19 жніўня 1969 года. Альгерд – сын вядомага беларускага футбаліста і трэнера Генадзя Невяроўскага. У 1995 годзе годзе закончыў гістарычнае аддзяленне каталіцкага Універсітэта імя Кардынала Стэфана Вышыньскага ў Варшаве са званнем магістра. З таго часу працаваў журналістам у розных беларускіх медыях.

Два гады Невяроўскі працаваў у газеце «Наша слова», затым у газеце «Свабода». Супрацаваў як карэспандэнт з вядомай і папулярнай расійскай газетай «Камерсант». Цягам сямі гадоў, да 2005 года, быў карэспандэнтам польскай рэдакцыі радыё Бі-Бі-Сі. Працяглы час, з 1996-га па 2007 год, Альгерд Невяроўскі быў карэспандэнтам Радыё Свабода ў Менску, на якім гучалі яго каментары, нарысы і паведамленні са сферы палітычнага, рэлігійнага і грамадскага жыцця. З 2007 года жыў і працаваў журналістам Беларускага Радыё Рацыя ў Беластоку.

Альгерд Невяроўскі актыўна шукаў новыя тэмы, абмяркоўваў задумы, клапаціўся пра якасць праграм, з якімі быў моцна эмацыйна звязаны, востра перажываў тое, што адбываецца ў Беларусі. Вылучаўся прафесіяналізмам і крэатыўнасцю. Журналіст запомніўся тым, што асвятляў актуальныя падзеі ў Беларусі, быў аўтарам шматлікіх рэпартажаў з вахты абароны Курапатаў і падзеяў сакавіка 2006-га на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Яго голас быў знаёмы тысячам людзей, якія слухалі Радыё Свабода і Беларускае Радыё Рацыя.

25 верасня 2009 года ў Невяроўскага здарыўся інфаркт, ён быў завезены ў шпіталь у Беластоку і з таго часу знаходзіўся ў коме. Уратаваць журналіста не ўдалося. 1 кастрычніка 2009 года была зафіксаваная смерць ад спынення сардэчнай дзейнасці. Альгерду Невяроўскаму было толькі сорак гадоў. У яго засталося двое дзяцей: дачка Івона і сын Чэслаў.

Пра Альгерда Невяроўскага, на жаль, вельмі мала напісана яго сучаснікамі. Наша каляжанка Ганна Кандрацюк-Свярубская у адным з сваіх эсэ пра Анатоля Сыса прыгадала ў 2010 годзе пра беларускага журналіста так:

«Светлай памяці журналіст Альгерд Невяроўскі ўмеў цудоўна пажартаваць з надта частай прысутнасці ў беларускай мове прыметніка «цудоўны». Асабліва бавілі яго такія спалучэнні як «цудоўнае беларускае надвор’е» або «цудоўныя людзі-беларусы», бо дзеля першага – даказваў ён – мы вымушаны перціся ў Крым, а дзеля другога – на могілкі. Мала калі ў жыцці, на хаду, аналізуем недарэчныя гутаркі, якія без толку ўбіваюцца ў размову і ад якіх застаецца пачуццё прэтэнцыёзнасці. Год да сваёй смерці Альгерд пальнуў такое: Я таксама як Сыс скончыўся без пары! Тое, што прамовіў пра сябе ў мінулым часе, здалося тады граматычнай памылкай. Як жа скончыўся? Чалавек сядзіць сабе як Радзівіл з куфлем піва ў кавярні, смяецца ледзь не лопне і, раптам, такая замагільшчына! Нашыя беластоцкія бяседы з Альгердам звычайна кружылі вакол літаратурных тусовак. Ён, як мала хто, быў азнаёмлены з літаратурнымі (ды не толькі) легендамі беларускай сталіцы. Сам, дарэчы, пух ад настальгіі па Мінску і старой кампаніі. Не дзіва, што кожны ўспамін пра Анатоля Сыса дзейнічаў як добрая псіхатэрапія і натхненне для чарговага працадня ў заробленым як конь Беластоку. Альгерд любіў пераўвялічаныя гісторыі, асабліва тыя прыдуманыя, пра якія ніхто апрача расказчыка не ведаў і не чуў, нават сам герой».

Сёлета, акрамя круглых угодкаў з дня нараджэння Альгерда Невяроўскага, якраз 15 гадоў з часу яго трагічнай смерці.

Тыднёвік “Ніва”, Беласток