Сенняшні Госць Радыё Рацыя — сацыёлаг Філіп Біканаў. Наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч гутарыць з ім пра тое, як беларускае грамадства сустрэне анансаваных уладай пакістанцаў, а таксама пра самыя пашыраныя ў беларусаў стэрэатыпы адносна замежнікаў.

РР: Як у цэлым, на вашую думку, беларусы ставяцца да замежнікаў як да суседзяў, як да працаўнікоў?
Філіп Біканаў: Тут трэба разумець, што замежнікі ў нас бываюць розныя. Беларусы адпаведна па-рознаму ставяцца да розных замежнікаў. То бок, калі гаворка ідзе пра нейкіх замежнікаў, якія больш да беларусаў культурна падобныя, напрыклад, такія, як украінцы, расейцы, грузіны, хтосьці больш знаёмы беларусам, то стаўленне хутчэй добрае. Праблемы пачынаюцца тады, калі гаворка ідзе пра нейкія народы, якія культурна далёкія і горш зразумелыя для беларусаў. Вось там ужо стаўленне значна пагаршаецца. Адпаведна ёсць яшчэ такія катэгорыі, нават іх не называюць замежнікамі, таму што яны жывуць у Беларусі, але не ўспрымаюцца гэтыя людзі як прадстаўнікі той самай культуры, напрыклад, гэта ромы, цёмнаскурыя людзі. Тут таксама стаўленне пагаршаецца.
РР: Калі ёсць такая інфармацыя, да каго стаўленне больш такое абвостранае, асцярожнае ці нават са страхам?
Філіп Біканаў: Вы будзеце смяяцца, але да пакістанцаў. Праводзілася ў тым ліку апытанне беларускай аўдыторыі, грамадзян Беларусі, як яны ставяцца да прадстаўнікоў тых ці іншых культур, нацый, ці гатовыя яны прымаць іх як калег, якія сацыяльны статус маюць яны ў вачах беларусаў і г.д.
Вось там сярод іншых былі і пакістанцы. І як не паглядзі, менавіта гэта нацыя ўспрымаецца горш за іншых. Чаму так? Хутчэй за ўсё, таму што беларусы даволі мала ведаюць пра пакістанцаў. Калі выпадковага беларуса папрасіць назваць некалькі асацыяцыяў пра прадстаўніка той ці іншай нацыянальнасці, то пра пакістанцаў палова асацыяцый будуць негатыўныя.
Напрыклад, калі казаць пра немцаў, то толькі блізу 10 % будуць негатыўныя, а астатняе пазітыўнае. А пра пакістанцаў пазітыўныя каля 20 адсоткаў. І ў беларусаў пакістанцы асацыююцца перш за ўсё не з тым, што яны там, напрыклад, працавітыя ці разумныя, як, напрыклад, кітайцы, а ў пакістанцаў найбольш частая характарыстыка, якая падыходзіць беларусам, гэта рэлігійнасць.
Калі прапанаваць беларусам апісаць пакістанца як разумнага ці працавітага, ці надзейнага, ці моцнага, ці шчырага, ці рэлігійнага, то пра пакістанца беларус хутчэй скажа, што ён толькі рэлігійны. Прадстаўленне пра гэтую культуру хутчэй пра тое, што гэта мусульмане, неяк здалёку і зусім адрозныя ад нас. Але і пра пакістанцаў мы яшчэ высвятляем, што яны ўспрымаюцца як людзі такога нізкага сацыяльнага статусу, кшталту прыбіральшчык ці ўвогуле беспрацоўны.
Сацыёлаг зазначае – насамрэч ксенафобія распаўсюджана ў беларускім грамадстве досыць шырока, без залежнасці ад палітычнай пазіцыі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя
Фота з Фэйсбука Філіпа Біканава






