1 лютага 1863 г. на Беларусі і Літве пачалося паўстанне супраць расейскай імперыі, якое ўзначаліў Кастусь Каліноўскі, дзень народзінаў якога мы адзначаем сёння, 2 лютага.

У гэты дзень быў падтрыманы Варшаўскі маніфест і створаны Часовы ўрад Літвы і Беларусі, які ўзначаліў Кастусь Каліноўскі. Сёння мы пагаворым з Госцем Беларускага Радыё Рацыя гісторыкам Яўгенам Дудкіным і пра Каліноўскага і пра паўстанне:
РР: Цяжка сабе ўявіць, што 23-гадовы хлапец змог стварыць рэвалюцыйную сітуацыю і падняць паўстанне. Як яму гэта ўдалося? 23 гады!
– Таемная арганізацыя, створаная Кастусём Каліноўскім для паўстання, была арганізавана адукаванымі людзьмі, якія вучыліся ва ўніверсітэтах. Звярніце ўвагу, гэта былі людзі са шляхецкіх сем’яў. І такім чынам ім удалося вывучаць гісторыю свайго краю, ведаць заканадаўчыя акты, якія былі яшчэ да Расійскай імперыі. Яны разумелі, што трэба ствараць асобныя суполкі, якія будуць мець таемныя кантакты, каб царская ахранка нікога не арыштавала.
– Я думаю, што вось дзве галоўныя прычыны:
А — тое, што яны былі моцнымі патрыётамі.
Б — яны былі адукаваныя патрыёты.
Тобок кампетэнтныя, ведалі, як усё гэта арганізаваць.
РР: Але ж менавіта такую галоўную функцыю на сябе ўзяў Кастусь Каліноўскі? Кастусь Каліноўскі вучыўся на юрыдычным факультэце.
– Як вядома, ён вярнуўся потым на Радзіму. У яго быў яшчэ брат, які таксама з ім вучыўся. І вось гэта лучнасць, абмеркаванні з братам, памяць пра мінулае сваёй бацькаўшчыны, родзічаў, гонак — усё гэта дапамагло ім будаваць будучыню. То бок яны разважалі, што трэба зрабіць, дзеля якой мэты трэба ісці. Вось гэтага сёння нам, беларускім палітыкам, не хапае: дзеля якой канкрэтна мэты мы ідзем, як гэтая мэта будзе выглядаць, які яна будзе мець часовы маштаб і як памяць пра яе будзе ўплываць на нашы дзеянні. Вось у гэтым ёсць праблема. Але і пытанне дзейнасці Кастуся Каліноўскага паказвае, як планаваць і будаваць сваю працу.
РР: На каго зрабіў стаўку адукаваны Кастусь Каліноўскі? Звычайна адукаваныя людзі рабілі стаўку на вышэйшыя слаі грамадства.
– Кастусь Каліноўскі зрабіў стаўку на большасць насельніцтва тэрыторыі Беларусі і Літвы, а большасць насельніцтва складалі сяляне. Звярніце ўвагу, што сяляне толькі-толькі атрымалі свабоду ад цара, ад прыгоннага права. І пры гэтым яны яшчэ мелі такую свядомасць, што заўсёды нехта іх кантраляваў, планаваў іх дзейнасць. Ранейшыя паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі ці Лістападаўскае паўстанне таксама мелі паражэнне. Кастусь Каліноўскі бачыў, што ў паўстаннях, дзе вялікую ролю адыгрывала шляхта, сялянства адыгрывала мінімальную ролю або было недаацэнена, што і прыводзіла да паражэння.
– Пры гэтым ён заўважаў, што ў некаторых важных бітвах, арганізаваных Тадэвушам Касцюшкам, перамогі былі дасягнуты дзякуючы падтрымцы сялян. Такім чынам Каліноўскі ставіў мэту данесці да сялян, што яны — гаспадары гэтай зямлі, і толькі гаспадар будзе адважна змагацца за сваю зямлю, будучыню і свабоду. Я лічу, што ў гэтым і ёсць кардынальная змена ў падыходзе да паўстання на тэрыторыі Літвы і Беларусі.
– Каб звязацца з сялянамі, трэба было не толькі асабіста з імі размаўляць, але і распаўсюджваць медыя-сродкі: газеты і ўлёткі, напрыклад, “Мужыцкую праўду”, дзе апісвалася гісторыя свайго краю, праблемы сялян і бачанне будучыні. Будучыні, якая магла быць пазітыўнай або негатыўнай, у залежнасці ад дзеянняў. І падпісваўся ён як “Ляська-гаспадар з-пад Вільні”, чым падкрэсліваў сваю блізкасць да праблем сялянскага жыцця.
РР: Якія мэты ставіў Каліноўскі, і чаму яны сталі прывабнымі для шырокага кола паўстанцаў?
– Кастусь Каліноўскі прапаноўваў сялянам змагацца за зямлю, каб яна была іх уласнасцю, каб яны былі гаспадарамі на ёй. Таксама ён выступаў за сваю нацыянальную царкву, якую называў уніяцкай, дзе служылі б на роднай і зразумелай мове.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
На жаль, паўстанне атрымала паразу, а Кастусь Каліноўскі быў павешаны царскімі ўладамі 22 сакавіка 1864 года, калі яму было ўсяго 26 гадоў. Ён пражыў кароткае жыццё, але стаў для беларусаў зброяй супраць акупантаў з Расеі.
Беларускае Радыё Рацыя






