Многія і многія тысячы беларусаў выехалі і працягваюць выязджаць з Бацькаўшчыны не па сваёй волі. Сярод іх – шмат людзей сталага веку і непаўнаспраўных асобаў, якія з выездам згубілі сродак для існавання – тыя, хоць і невялікія, пенсіі. Як у такой сітуацыі жыцця нанова, даць сабе рады і не апускаць рукі. Пра гэта гутарым з Госцем Рацыі – Міраславам Тарнаўскім, беларусам з Магілёва, які зараз жыве Польшчы, у горадзе Вісла.

РР: Колькі гадоў Вы жывяце ў Польшчы?
Міраслаў Тарнаўскі: 22 студзеня было восем гадоў.
РР: То бок, Вы выехалі яшчэ да 2020 года?
Міраслаў Тарнаўскі: Так, да 2020 году гэта адбылося. Праз тры месяцы пасля таго, як памерла мая маці. І перад тым, як яна памерла, я сказаў, што паеду, не буду жыць у РБ. Бо яна хацела яшчэ за два гады да гэтага, каб я з’язджаў. Але яна была хворая, і я сказаў, што не пакіну яе. Я меў карту паляка. Яна мне вельмі дапамагла. Таму ўсе дакументы, карту побыту, рэгістрацыю і ўсё што трэба, мне зрабілі вельмі хутка.
РР: Вы маеце пэўныя асаблівасці здароўя, непаўнаспраўнасць. Як Вам удаецца з гэтым спраўляцца ў Польшчы?
Міраслаў Тарнаўскі: Па польскім заканадаўстве, чалавек, які стала жыве ў Польшчы, стала ці мае нейкі статус, напрыклад, міжнародная абарона, часовы побыт, яны ўсе маюць права на сацыяльную пенсію, калі інваліднасць наступіла да 21 года. Трэба спрабаваць, трэба афармляць усё. Першае, гэта аформіць сабе інваліднасць, каб хаця б ездзіць за 50 адсоткаў. І яшчэ MOPS (Miejski Ośrodek Pomocy Społecznej) дае такую дапамогу – 215 злотых 84 грошы – гэта таксама грошы, хоць невялічкія, але грошы. Зрабіце спачатку гэта, потым падавайцеся на пенсію, калі маеце права на сацыяльную пенсію. Насамрэч, калі атрымліваць сацыяльную пенсію і крыху дарабляць, то можна жыць і жыць вельмі зносна.
РР: Калі не сакрэт, якую Вы атрымліваеце пенсію ад дзяржавы?
Міраслаў Тарнаўскі: Лютаўская пенсія – гэта было 1709 злотых з грошамі, а зараз у сакавіку падвышка – 1800 ужо.
РР: То нават можна і кватэру зняць у такім невялікім горадзе, як Вы жывяце, у Вісле.
Міраслаў Тарнаўскі: Так, можна зняць кватэру, можна закупіць сабе лекі, але я яшчэ раз падкрэсліваю, не трэба сядзець на месцы. У РБ я мог лекі сабе купляць за 10 адсоткаў, я мог у гарадскім транспарце ездзіць задарма, у прыгарадных электрычках і аўтобусах таксама задарма. Але ўсё роўна, хоць тут усё платна, усё манетызавана, але я тут жыву лепей, і я ведаю дзе, што і колькі каштуе.
РР: Калі пералічыць, то тут у Вас пенсія прыкладна 500 даляраў. А якая была ў Беларусі ў далярах?
Міраслаў Тарнаўскі: 100 даляраў. Некаторыя кажуць, што ў Беларусі камуналка каштуе танней, праезд у грамадскім транспарце танней. Але ж паглядзіце на беларускія цэны. Цэны нават вышэйшыя, чым у Польшчы на некаторыя тавары.
Цалкам гутарка:
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






