Пасля ператрусаў людзей забіралі на допыты, а потым адпускалі з падпіскай аб неразгалошванні. Але на волю выйшлі не ўсе — cупраць часткі з іх распачалі крымінальныя справы паводле арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Некаторых судзяць па адміністрацыйных справах.

Папярэдне, прычынай зацікаўленасці з боку КДБ стала дапамога сем’ям палітвязняў ад ініцыятывы «INeedHelpBY», якую днямі ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Для дапамогі ініцыятыва выкарыстоўвала папулярныя сэрвісы дастаўкі ад «Гіппа» і «Еўраопта». Праз іх можна анлайн замовіць дастаўку з крамы.
Сярод іншага, супрацоўнікі пыталі, “хто дапамагае з перадачамі і хто аплачвае кошыкі з прадуктамі”. Некаторым паказвалі раздрукоўкі аплат з “Е-кошыкаў”, шукалі ў тэлефонах прылады замежных банкаў, а таксама патрабавалі тлумачэнняў наконт грашовых пераводаў на беларускую картку з-за мяжы. Паведамляецца, што сілавікі нібыта праглядаюць аплаты ў сэрвісах з літоўскіх і польскіх картак і збіраюць інфармацыю пра сумы аплат.
Праваабаронцы адзначаюць, што атрыманне прадуктовых даставак праз анлайн-сэрвісы, нават калі аплата была здзейснена з замежных картак, не з’яўляецца правапарушэннем. Такім спосабам карыстаюцца тысячы беларусаў як унутры краіны, так і за яе мяжой, а на сайце сэрвісу няма забароны на карыстанне замежнымі карткамі.
Тым не менш, прызнанне ініцыятывы “экстрэмісцкім фармаваннем” нясе сур’ёзныя наступствы для тых, хто звяртаўся ці звяртаецца да іх па дапамогу. Цяпер за любое супрацоўніцтва з “INeedHelpBY” можа пагражаць крымінальная адказнасць па арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Такім чынам улады намагаюцца знішчыць салідарнасць беларусаў і пакінуць беларусаў сам-насам з рэпрэсіямі. Але праваабаронцы заклікаюць шукаць бяспечныя спосабы падтрымаць адзін аднога ў такія складаныя часы.
вясна