Дзень Перамогі (9 мая) у Беларусі, як і ў іншых постсавецкіх краінах, з’яўляецца важным гістарычным святам, прысвечаным перамозе над нацызмам у Другой сусветнай вайне. Аднак у сучасных умовах гэта свята часта становіцца аб’ектам палітычнага маніпулявання. Пра тое, чаму Дзень Перамогі ператварыўся ў Дзень «победобесия», і як насамрэч яго трэба адзначаць, мы пагаворым з госцем Радыё Рацыя – філосафам, сябрам рады Беларускага інстытута публічнай гісторыі, выконваючым абавязкі прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб´яднанага Пераходнага Кабінета Паўлам Баркоўскім.

РР: Ці магчыма аддзяліць памяць пра вайну ад палітычных спекуляцый?
Павел Баркоўскі: Сапраўды, зараз мы сутыкаемся з такой з’явай, якую прафесіяналы называюць інструменталізацыя памяці. Гэта значыць, калі памяць ператвараецца ў інструмент сучаснай палітыкі. І, на жаль, гэта не заўсёды тая палітыка, якая вядзе да вяршэнства нейкіх ідэалаў чалавецтва, а наадварот, цягне нас кудысьці ў мінулае. І Дзень Перамогі так званы, які святкуецца ў нашай краіне – гэта якраз яскравы прыклад таго, як палітыка памяці можа быць выкарыстана для таго, каб ствараць сучасныя тэксты, якія будуць падмяняць сапраўдную памяць нейкім яе ідэалагічным скажэннем. Напрыклад, праводзячы поўныя паралелі паміж падзеямі 2020 года і тымі, напрыклад, арганізацыямі калабаранцкімі, якія працавалі ў ваенны перыяд з 1941 па 1943 гады ў Беларусі. Таму гэта, канешне, сур’ёзная задача для любога грамадства, як правільна абыходзіцца з гісторыяй і не дапускаць таго, каб гістарычныя тэмы станавіліся прадметам для абвінавачванняў ці нейкіх спекуляцый сёння.
РР: Як супрацьстаяць спробам выкарыстоўваць трагедыю мінулага для апраўдання сённяшніх канфліктаў?
Павел Баркоўскі: Гэта залежыць ад кожнага чалавека. Некалі ў Беларусі была больш збалансаваная інфармацыйная прастора, калі незалежныя СМІ маглі працаваць на роўні з дзяржаўнымі, прынамсі, не мелі перашкод у выглядзе бірак “экстрэмісцкія арганізацыі”, “экстрэмісцкія медыя”. Яны маглі даносіць тую ж самую інфармацыю пра іншыя альтэрнатыўныя погляды на падзеі, чым тыя, якія праводзяцца праз дзяржаўныя інфармацыйныя службы. Цяпер, на жаль, гэта абцяжарана тым, што беларусаў фактычна закрываюць ад гэтай інфармацыі. На такім сістэмным роўні нашмат складаней цяпер працаваць з грамадскай думкай, штосьці даводзіць, пераконваць люзей. І цяпер гэта ўжо кожны чалавек для сябе сам вырашае – ці з нейкай рызыкай пэўнай для сябе чытаць альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі, заходзіць на адпаведныя сайты з гістарычнай праблематыкай, глядзець Ютуб-каналы па гістарычнай праблематыцы, чытаць незалежныя навіны, ці гэтага не рабіць. Калі абмяжоўвацца толькі тым, што выкладаюць у школе, ці толькі тым, што можна пачытаць на афіцыйных дзяржаўных парталах, баюся, што ў вас можа стварыцца вельмі скажонае, перадузятае ўспрыманне сваёй гісторыі.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






