Беларусы за мяжой, з якімі юрыдычнымі праблемамі яны сутыкаюцца? Напрыклад, з легалізацыяй. Альбо больш шырока, можна патрапіць пад затрыманне ды дэпартацыю. Прыгадваецца кейс Андрэя Гнёта ў Сербіі, альбо Васіля Верамейчыка, былога каліноўца, якога затрымалі ў В’етнаме ды перадалі нелегітымным уладам ў Менску. Пра што варта памятаць, нават калі мы збіраемся на адпачынак, а можа ў нейкія краіны і не варта ехаць? Пра гэта між іншым з юрысткай Марыяй Колесавай-Гудзілінай пагутарыў Улад Грынеўскі.
РР: З’яўляецца ўсё больш інфармацыі, што беларусы за мяжой трапляюць у нейкія неадназначныя сітуацыі, пагражае ім дэпартацыя ў Беларусь, альбо нейкія іншыя праблемы.
Марыя Колесава-Гудзіліна: Сітуацыя для беларусаў мяняецца ў замежжы. Гэта відавочна. Дзесьці становіцца больш-менш зразумела ў краінах, якія далей ад Беларусі. У тых краінах, якія спачатку прымалі беларусаў без усялякіх пытанняў, дакладна сітуацыя пагаршаецца і будзе пагаршацца далей. Прайшло амаль 5 гадоў. Трэба разумець, што ўвогуле, калі ты жывеш у замежжы, то ты павінен глядзець, дзе ты знаходзішся, куды ты збіраешся, якія ў цябе ёсць дакументы, як легалізавацца і так далей.
РР: Ці не звязваецца гэта з актыўнасцю спецслужбаў Беларусі, якія за пяць гадоў назапасілі дакументаў, парассылалі ў розныя арганізацыі?
Марыя Колесава-Гудзіліна: Нельга сказаць агулам пра ўсе краіны. Як мы вучымся нешта рабіць новае, пісаць скаргі, працаваць у новых абставінах, рэжым Лукашэнкі таксама вучыцца існаваць у гэтых абставінах, як пераследаваць людзей у замежжы, як рабіць нейкія непрыемнасці ў замежжы, як звяртацца кшталту з эканамічнымі кейсамі ў Інтэрпол. Я лічу, што з цягам часу рэжым вучыцца, як дацягнуцца ну не да кожнага, але паспрыяць таму, каб было непрыемна людзям у замежжы. Гэта пачалося не ў гэтым годзе, а раней. Указ прэзідэнта, які тычыцца пашпартоў, усяго, што ў нас ёсць па даверанасцях і так далей. Зараз, калі ты беларус у замежжы, і ты не маеш дакументаў, ты мусіш быць у той краіне, якая выдае travel document, па-першае. Гэта, напрыклад, легалізавацца і так далей. Трэба падумаць, калі вам нешта пагражае ў Беларусі, што ў вас патэнцыйна могуць быць праблемы ў любой краіне свету, нават у той, у якой вы жывяце.
РР: Атрымліваецца, не слабне гэтая тэндэнцыя на стварэнне пэўных перашкодаў і праблемаў для беларусаў, якія зараз апынуліся за мяжой?
Марыя Колесава-Гудзіліна: Так і ёсць. Напрыклад, беларус, які жыве ў Літве, калі ў яго скончыцца пашпарт, а такіх беларусаў шмат, якія выехалі і ў іх была магчымасць выехаць па сваёй працы, і тут атрымалі так званыя эканамічныя дакументы, Blue Card, напрыклад. Міграцыйная служба ўвогуле не ведае, што гэты чалавек мог пацярпець ад рэжыму. Для іх гэта эканамічны мігрант. І як пра гэта даведаецца чалавек, што ён мусіць нешта паведаміць міграцыі? Звяртаюся да вашых слухачоў, калі ў вас дакументы ў Літве, Blue Card і так далей, а вы пацярпелі ад рэжыму, уцякалі з Беларусі, не чакайце, калі ў вас будзе заканчвацца пашпарт, паведамляйце міграцыйнай службе, што ў вас таксама ёсць абставіны і вы не маеце магчымасці вяртацца ў Беларусь. Проста паведамце зараз, што ў вас ёсць праблемы ў Беларусі.
Юрыстка дадае і перасцерагае, беларусы заўсёды павінны памятаць, што ўлады ў Менску працуюць над тым, каб стварыць як мага больш праблемаў для тых, хто не згаджаецца з імі ды дзейнічае за мяжой.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя