BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Як (не) пісаць пра палітвязняў

За чатыры гады, з 2020-га па 2024-ы, грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі змянілася кардынальным чынам. А праваабарончая і журналісцкая супольнасць рэагавала на новыя выклікі і рэаліі млява, запознена і, можна сказаць, нават неахвотна. Многія падыходы засталіся ранейшымі, хоць яны ўжо не адпавядаюць рэаліям, галоўным прынцыпам праваабароны і журналісцкай этыкі.

Галоўным прынцыпам праваабароны і адначасна ў сённяшніх рэаліях праблемай стала: дапамагчы людзям і прытым як у медыцыне – не нашкодзіць. Выцек персанальных даных з розных фондаў дапамогі, з розных базаў дадзеных арганізацый – гэта сумная рэальнасць цяперашняга часу. Гэта адбывалася ўжо шматразова. І фактычна «злівы» персанальных даных і дакументаў па змаўчанні, як гэта ні сумна, прызнаныя ні то нормай ні то выпадковасцю.

Што ж змянілася істотнейшым чынам?Прававое поле ў Беларусі, якое хоць у нечым заставалася такім у 2020-21 гадах, за два апошнія гады разбурана дарэшты. Фактычна ў людзей не засталося права на абарону (на адвакатаў), на легальную падтрымку палітвязняў у розны спосаб. Усе віды «бачнай» дапамогі прызнаныя дзяржавай дэ-факта незаконнымі і жорстка караюцца. Пацярпелыя ад рэпрэсій і іх сваякі з розных прычын не маюць ранейшага даверу да праваабаронцаў і незалежных журналістаў. Гэта таксама рэальнасць часу, якую трэба ўсведамляць і асэнсоўваць. Механістычная фіксацыя рэпрэсій і тым больш неабачлівае публікаванне усёй інфармацыі не павінна быць самамэтай.

Як жа пісаць і не пісаць пра палітвязняў і палітычна рэпрэсаваных зараз? Найбольш яскравым і трагічным у выніку прыкладам журналісцкай неабачлівасці і неадказнасці ёсць гісторыя пра тое, як многія беларускія незалежныя медыя апублікавалі інфармацыю пра жоўтыя біркі ў Шклоўскай калоніі і менавіта той факт, што пра гэта напісаў у сваім лісце Вітольд Ашурак. Пасля гэтага пачаліся ўзмоцненыя катаванні палітвязня, якога фактычна забілі. Інфармацыя пра жоўтыя біркі была патрэбная для апублічвання, але ж навошта было падкрэсліваць хто менавіта пра гэта паведаміў!? Важныя звесткі можна было б падаць зусім у іншай, нейтральнай форме, «не падстаўляючы» палітвязня.

Наступны, больш дробны прыклад. Часта ў інфармацыях падаецца наступнае: абвінавачаны прызнаў (не прызнаў) сваю віну. Які практычны сэнс такой інфармацыі па палітычных карных працэсах? Бо калі абвінавачаны прызнаў віну, то гэта ў пэўным сэнсе яго прыніжае ў вачах іншых людзей (а мы ў пераважнай бальшыні выпадкаў ня ведаем ці ён сам прызнаў ці яго змусілі рознымі гвалтоўнымі спосабамі да такога прызнання!). А калі ён прынцыпова не прызнаў, а мы пра гэта пішам, то правакуем карныя органы да далейшага ціску на палітвязня і імаверных катаванняў.

Зразумела, што варта адсочваць выхад палітвязняў на волю. Але ці патрэбная шырокая публікацыя пра гэта? У сітуацыі, калі выйшаўшых на волю часта пераследуюць далей, такая інфармацыя можа справакаваць далейшы пераслед.

Сама тэрміналогія беларускіх праваабаронцаў і медый, на жаль, фактычна не змянілася з 2019 году. І гэта вельмі прыкра. Бо ідзе падмена паняткаў. Амаль усе медыі надалей пішуць: «беларускія ўлады», «беларускі рэжым», «беларускія турмы», «беларускія калоніі» і т. п. (а яны ж яскрава якраз менавіта АНТЫбеларускія!). Па-сутнасці такая канатацыя вядзе да адмоўнай сэнсавай нагрузкі. У тым ліку і пры ўспрыманні беларусаў суседзямі, калі ўся адказнасць за тыя злачынствы, што адбываюцца зараз у Беларусі, у роўнай ступені кладзецца на ўсіх прадстаўнікоў нацыі. Таму куды карэктней пісаць улада Беларусі, цяперашні рэжым у Беларусі, турмы Беларусі, калоніі Беларусі і т. п.

Незразумела навошта надалей у публіцыстыцы карыстацца такімі тэрмінамі як «папраўчая калонія», «прызначана пакаранне на 10 гадоў» і т. п. Няўжо, калі напісаць проста «калонія», «засуджаны да 10 гадоў зняволення», мы не данясем да адрасата галоўны сэнс таго, што адбылося?! Пытанняў такога кшталту шмат, некаторыя з іх дастаткова дыскусійныя, але наспеў час адрасаваць іх беларускім праваабаронцам і журналістам.

Уладзімір Хільмановіч, газета «Ніва», №24, 2024 год