Перабольшаныя страхі перад іншай краінай, перад тым, як пачынаць жыццё з нуля, не ведаючы мовы і не маючы грошай. Кажа Госць Рацыі – былы палітвязень Аляксандр Зялюткін, бацька шасцярых дзяцей, які пасля адсідкі ў калоніі за пратэсты ў Беларусі з’ехаў у Літву. За некалькі месяцаў ён ужо знайшоў сабе працу па спецыяльнасці, мужчына робіць з кафлі каміны і печы, арэндаваў кватэру і ўдзячны ўсім сябрам і ўвогуле беларусам, якія дапамагалі яму ўладкавацца на новым месцы.
Сваю гісторыю Аляксандр Зялюткін распавядае нашай карэспандэнтцы Таццяне Смоткінай.

РР: Раскажыце, калі ласка, сваю гісторыю. Як Вы прыйшлі ў шэрагі апазіцыі? Некаторыя ў гэтых шэрагах ўжо з 90-х, але шмат хто кажа, што іх вочы адкрыліся толькі пасля 2020.
Аляксандр Зялюткін: Я вельмі даўно ўжо ў гэтых шэрагах. Верагодна, быў прыклад маіх родных, якія крытычна думалі. І прыкладна з 1996 года, з моманту, калі ўжо праходзілі першыя акцыі Чарнобыльскага шляху, я ўжо быў у гэтай тэме. Пасля я памятаю “Рок-каранцыю”, і там выступалі гурты Н.Р.М., “Крама”, “Нейра Дзюбель”. Гэта ўжо пачатак таго руху, які я застаў. Далей ужо была Плошча 2006 года, Плошча 2011 года. І падзеі 2020 года. Гэта быў самы актыўны ўдзел.
РР: Па якой справе Вас пасадзілі ў Беларусі ў турму?
Аляксандр Зялюткін: Мая справа была па артыкуле 293 ч.2 – гэта “удзел у масавых беспарадках”. Гэта былі падзеі ля ГЦ “Рыга”. Калі там былі барыкады, была вялікая колькасць людзей. Людзі намагаліся не прапусціць міліцыянтаў у цэнтр горада, дзе праходзіла акцыя – там была вялікая колькасць людзей. І мы размаўлялі з іншымі ўдзельнікамі і ведалі, што ў той момант былі падзеі на Пушкінскай плошчы. І пасля яны перасоўваліся ў бок цэнтру. І было вырашана на вуліцы Сурганава стварыць барыкады, каб не даць сілавікам хутка трапіць у цэнтр.
РР: Усё ж такі барыкады былі?
Аляксандр Зялюткін: Так, былі. Вельмі шмат відэа пра гэта. Гэта было 10 жніўня. Шмат дзе былі – і ў Серабранцы, і на Пушкінскай, і каля ГЦ ”Рыга”.
РР: Вы былі сведкам, пратэстоўцы не нападалі на сілавікоў? Ці сілавікі, усё ж такі, стралялі ў бок пратэстоўцаў?
Аляксандр Зялюткін: Не, пратэстоўцы не нападалі на сілавікоў. Гэта быў бок абароны. А ўвогуле мы стараліся проста не даць тэхніцы праехаць хутка, каб не застаць знянацку людзей, якія ў цэнтры. Увогуле разгон адбываўся некалькі разоў, і ён быў вельмі брутальны. Тэхніка ехала на вялікай хуткасці, разбівала барыкады, следам абстрэльвалі плошчу светлашумавымі гранатмі і з помпавых ружжаў гумавымі кулямі. Было шмат пацярпелых, параненых. Увогуле, перад самым разгонам, зачысткай плошчы, гэта ўсё было дыстанцыйна. Яны знаходзіліся на адлегласці дзесьці 100 метраў. І адтуль стралялі гранатмі, то бок, ніякага блізкага кантакту не было. Нават блізка мы іх не бачылі. Стралялі яны дастакова прыцэльна.
РР: Вы берагліся, хаваліся. Якім чынам Вас знайшли?
Аляксандр Зялюткін: Я не магу сказаць, што я хаваўся. Я проста быў асцярожны. І быў моцна захоплены сваёй працай, падарожжамі, экалагічнымі акцыямі, у якіх удзельнічаў, і праз гэтае насычанае жыццё я не прадпрымаў ніякіх дзейсных крокаў, хоць адчуваў, што небяспека ёсць. Я ўдзельнічаў ва ўсіх акцыях, і зразумела, што недзе я трапіў на відэа, таксама я рабіў данаты. І ўсё гэта можна было адсачыць. Прайшоў год і тры месяцы, гэта ўсыпіла пільнасць, я ездзіў за мяжу, прыязджаў. І ўсё было нармальна. Хоць неспакой быў пастаянна.
РР: Вас знайшлі, калі Вы ўключылі тэлефон, якім не карысталіся?
Аляксандр Зялюткін: Дзесьці за месяц да затрымання, калі я прыехаў з Украіны, у мяне з’явіўся неспакой, што нешта можа адбыцца. Я памяняў тэлефон, зарэгістраваў сім-карту на чужога чалавека. Перастаў з’яўляцца там, дзе жыву. На працы быў дыстанцыйна. Але трэба было завесці дзяцей да стаматолага, а нумар яго быў запісаны на старым тэлефоне. Я ўключыў тэлефон дзесьці ў гадзіну ночы, а ў сем раніцы яны ўжо прыйшлі. І яны мяне ўжо не адпусцілі.
Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя






