BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Як пераследуюць берасцейцаў за мінулыя падзеі

Сілавікі Берасцейскага рэгіёну не перастаюць шчыраваць у плане знаходжання ўсё новых і новых ахвяр рэжыму за старыя справы. Што або хто дапамагае ім знаходзіць удзельнікаў «карагоднай справы»?

Здымак ілюстрацыйны

Пра гэта наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч пагаварыла з госцяй Беларускага Радыё Рацыя – праваабаронцай Настассяй (імя зменена ў мэтах бяспекі):

–  Хацелася б, каб гэта спынілася і ўвогуле не адбывалася, але трэба разумець, што сілавікі карыстаюцца, ва ўсялякім разе робяць выгляд, законам і прававой рамкай. Плюс-мінус гэта сапраўды працуе і такім чынам для пратэстоўцаў, якія выходзілі на акцыі ў 2020 годзе, робіцца важным такое паняцце, як тэрмін даўніны, і гэта будзе залежыць ад таго, як кваліфікуюць тую ці іншую акцыю пратэсту, ці ўвогуле дзеянні канкрэтнага чалавека.

Тэрмін даўніны, калі гэта кваліфікуюць, як у папулярным артыкуле 342 (групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, то там тэрмін даўніны 5 год, менавіта ад самой акцыі пратэсту. Калі ж хочуць кваліфікаваць па больш жорсткім артыкуле “масавыя беспарадкі”, то там тэрмін даўніны складае, на жаль, больш. То бок калі па 342 артыкуле тэрмін даўніны скончыцца ўжо ў 2025 годзе, за акцыі, якія адбываліся ў жніўні 2020 года, то ўжо пасля жніўня 2020 года людзей нельга будзе судзіць. Але калі дзеянні чалавека кваліфікуюць па артыкуле  “масавыя беспарадкі”, то тэрмін даўніны складае 10 гадоў. Вось на гэтыя лічбы можна арыентавацца.

РР: То бок яшчэ доўга праваахоўныя органы будуць паказваць, што яны працуюць выдатна на сістэму і не спыняюцца?

–  Ва ўсялякім разе на дадзены момант усё паказвае, што людзей досыць актыўна працягваюць пераследаваць менавіта за тыя акцыі пратэсту, і ўвогуле можна канстатаваць, што ў 2021 годзе ў асноўным асудзілі людзей за ўдзел у акцыі пратэсту 2020 года, потым у 2022-23 гадах у Берасцейскай вобласці ў асноўным судзілі за нейкія інтэрнэт-каментары, ужо не судзілі так актыўна, гэта былі літаральна адзінкавыя выпадкі, калі людзей судзілі за тое, што яны ў 2020 годзе выходзілі на акцыі пратэсту. Але ў 2024 годзе ў Берасцейскай вобласці ўпершыню ў Баранавічах пачалі судзіць па крымінальным артыкуле за тое, што ў жніўні 2020 года людзі  выходзілі на акцыю пратэсту. Да гэтага ў Баранавічах за гэта па крымінальным артыкуле нікога не асудзілі. І ў той жа час у Берасці пачалі судзіць за акцыю пратэсту 10 жніўня 2020 года, толькі раней там судзілі па артыкуле “беспарадкі”, а цяпер ужо па артыкуле 342 па крымінальных справах.

РР: Колькі агулам пацярпела людзей за так званую карагодную справу 2020 года?

– Рэпрэсаваных досыць шмат, нельга забываць, што спачатку людзей судзілі па адміністрацыйным артыкуле 23.34 за тое, што людзі ўдзельнічалі ў так званым несанкцыяваным масавым мерапрыемстве. Пазней гэтых жа людзей пачалі судзіць і па крымінальнай справе па ўжо згаданым артыкуле 342 –ім. На канец ліпеня 2024 года публічна вядома, што па крымінальным артыкуле за “карагодную справу” асудзілі найменей 137 чалавек. Гэта досыць шмат.

РР: Як яны даведваюцца пра новых людзей?

–  Дакладнага адказу мы не маем, хутчэй за ўсё атрымліваюць інфармацыю з розных крыніц, але яны, верагодна, працуюць па тых шматлікіх відэа, якія сілавікі наздымалі падчас акцыяў пратэсту. Там было шмат людзей, і каб іх усім апрацаваць, патрэбны час. Таму з часам можна ідэнтыфікаваць новых і новых людзей і за імі прыходзіць. Другі спосаб – знаходзіць тых ці іншых удзельнікаў – гэта непрамы спосаб, калі міліцыянты шукаюць людзей, падпісаных на незалежныя медыя, пазней прыходзяць да гэтых людзей дадому, адкрываюць тэлефоны і там могуць знайсці нейкія відэа ці сторыс у інстаграме, якія выкладваліся падчас пратэстаў, а людзі іх не выдалілі са свайго архіву. Ці недзе ў воблачных сховішчах можна паспрабаваць у людзей пазнаходзіць такія фотаздымкі. То бок чалавек, які не да канца ўсведамляе, як інфармацыя захоўваецца на тэлефоне і ў сацсетках можа і не падазраваць, што на яго тэлефоне, з якім ён хадзіў у 2020 годзе на пратэсты, можа захоўвацца на яго кампрамат.

Беларускае Радыё Рацыя