Улады Беларусі з канкурэнтамі распраўляюцца проста: альбо, абвяшчаюць экстрэмістамі, альбо знаходзяць што-небудзь шкоднае, альбо ліквідуюць. Трэба пакінуць толькі дзяржаўныя СМІ – значыцца незалежныя будуць аднесеныя да экстрэмісцкіх. Трэба расчысціць поле для БРСМ – значыцца недзяржаўныя грамадскія арганізацыя ліквідуюць. Трэба пачысціць склады Беллегпрама, то абавязкова знойдуць, што вопратка іншых брэндаў – з’яўляецца небяспечнай.

Вось, напрыклад, у Беларусі забаранілі вопратку турэцкага брэнду Waikiki. На думку беларускага дзяржстандарта, у вопратцы для дашкольнікаў і школьнікаў гэтага брэнду не выкананыя паказчыкі гіграскапічнасці і паветрапранікальнасці. Разам з тым нядаўна Мінадукацыі зацвердзіла школьную форму з полівіскозы, якую выпускаюць на СветлагорскХімВалакно. Полівіскоза – сумесь валокнаў поліэстру і віскозы. Віскоза валодае высокай гіграскапічнасцю, то бок здольнасцю ўбіраць вільгаці і эфектыўна іх выпарваць, забяспечваючы тым самым сухасць і ўтрымліваючы камфортную тэмпературу цела. А вось з поліэстрам акурат усё наадварот: валодае нізкай гіграскапічнасцю і паветрапранікальнасцю. Толькі чамусьці тое, што можна СветлагорскХімВалакно і Беллегпрама, якія і будуць вырабляць адзіную школьную форму, нельга ўсім астатнім. Ну, затое прадпрыемствы будуць загружаныя па прычыне попыту на ўнутраным рынку, і Беллегпрам нарэшце зможа ачысціць свае склады ад не самай зручнай і моднай вопраткі.
Беларускае Радыё Рацыя






