BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Як вызначаюцца сучасныя нацыі – скокнуць вышэй за дзяржаву

У Японіі скандал – на агульна нацыянальным конкурсе прыгажосці перамагла ўкраінка. Прыёмны бацька японец, з пяці гадоў гадавалася як японка, а скандал у тым, што, маўляў, яна не праўдзівая японка, бо не мае ні японскай крыві ні японскага месца нараджэння.

Калі прачытаў навіну, адразу падумаў пра Уладзіміра Мулявіна. Калі б у Беларусі ў 1970-х гадах панавала канцэпцыя абарончага нацыяналізму, не было б у нас Уладзіміра Мулявіна з «Песнярамі». За тое не было б і такой ступені русіфікацыі, якую атрымалі.

Падумаў пра сотні, калі не тысячы, людзей з расейскімі ды іншымі не беларускім каранямі, якія ў свой час сталіся актывістамі Беларускага Народнага Фронту і наогул руху беларускага Адраджэння.

Японцам рэспект – факт абрання не японкі пераможцай у прэстыжным нацыянальным конкурсе гаворыць пра тое, што самая закрытая нацыя свету рушыць у правільным кірунку.

Парадокс Японіі ў тым, што тэхналагічна жывучы ўжо ў ХХІІ ст, ментальна там усё яшчэ шмат хто спавядае абарончы нацыяналізм, уласцівы пазамінуламу ХІХ ст.

У самім слове «абарончы» закладзенае тлумачэнне. Дзякуючы абарончаму нацыяналізму выжылі пад трывалым ціскам розных імперый нешматлюдныя нацыі. Напрыклад, нашыя суседзі з краін Балтыі, альбо тэрытарыяльна аддаленыя, але не блага знаёмыя беларусам народы Каўказу.

З аднаго боку апеляванне да агульнай крыві ратуе ад паглынання большымі па памерах суседзямі, з іншага – не дае развівацца, бо ў сучасным свеце толькі сваімі рэсурсамі ўсе патрэбы не рэалізуеш.

На фоне сказанага вышэй унікальнай выглядае беларуская сітуацыя.

Цяпер, калі ўзнялася вялікая хваля вымушанай беларускай эміграцыі, пры ўсёй сваёй масавай расейскамоўнасці беларусы за мяжой застаюцца беларусамі. Гаворка пра асаблівасці менталітэту з культам адказнасці, выканання правіл, а цяпер яшчэ фактычна культам узаемадапамогі, апагей якога адбыўся ў другой палове 2020 году.

Брэнд Беларусі – сам беларус.

Далей болей – можна быць беларусам, не дэкларуючы якіх ты крывей.

Беларус – гэта ўжо наднацыянальнае паняцце, бліжэй да філасофіі на практыцы, да вучэння, да шляху. Магчыма, слову з канца XVIII – ХІХ ст.ст. – «нацыя» – у ХХІ ст. трэба ствараць замену, сыходзячы з новых рэалій.

Быць беларусам у першым пакаленні – гэта ўжо не жарт.

Як і «прыняць у беларусы» – неўзабаве можа стаць рэальнасцю.

Нас, і ў Беларусі і за мяжой, на нейкі час пазбавілі сваёй дзяржавы, таму мы можам хутчэй за іншых скокнуць вышэй за дзяржаву.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя