Сённяшняя госця Беларускага радыё Рацыя — спецыялістка ў галіне міжнароднага права і дарадца па прававых пытаннях у офісе Ціханоўскай Крысціна Рыхтар. Гутарым з ёй у сувязі з сітуацыяй, у якую трапіў вядомы гурт “Бі-2”. Спадарыня Рыхтар распавядае, у якіх краінах небяспечна знаходзіцца беларусам і што рабіць, калі затрымалі за мяжой.
З ёй размаўляе наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч.

РР: Напачатку, можа, варта пералічыць краіны, наведванне якіх для беларусаў будзе небяспечна? Гэта Тайланд, як мы пабачылі, якія яшчэ?
Крысціна Рыхтар: Няма такога агульнапрынятага спісу краінаў, у якія небяспечна ехаць і можна шмат часу згубіць на тое, каб нешта пералічваць, але мне падаецца, што трэба вызначыць нейкія крытэрыі. Першае – гэта, канешне, Расея, з якой мы маем межы. Гэта краіны АДКБ, таксама тыпу сяброўскія краіны, з якімі ёсць стасункі ў Беларусі з лукашэнкаўскім урадам. Напрыклад, Турцыя. Я б сюды прылічылі Егіпет і азіяцкія краіны. Гэта, напэўна, залежыць ад сітуацыі чалавека, наколькі ён вядомы “экстрэміст і тэрарыст”. Для такіх людзей кола небяспечных краінаў больш шырэйшае, чым для чалавека, які ніколі нідзе не ўдзельнічаў і проста з’ехаў з краіны, таму што ён баіцца небяспекі ў Беларусі.
Яшчэ раз паўтаруся, агульнага спісу няма. І яшчэ гледзячы апошнім часам па некаторых краінах, якія затрымліваюць беларусаў па запыце Інтэрпалу, канешне, шмат краінаў было менавіта еўрапейскага блоку. Людзей, якіх затрымлівалі па палітычных матывах, іх, канешне, вызвалялі, але тым не менш, тыя краіны., якія не ўваходзяць у Еўразвяз і якія патэнцыйна затрымлівалі, то, канешне, гэта можа быць такім сведчаннем, што гэта небяспечныя краіны.
РР: Я хацела якраз удакладніць адносна Інтэрпалу, то бок Беларусь пакуль што яшчэ мае права рабіць такія запыты? Можа, вы маглі б распавесці, ці ёсць які кейс, калі людзей з палітычным пераследам абвяшчалі ў вышук і ў выніку вызвалялі?
Крысціна Рыхтар: Вядомыя гэтыя кейсы, гэта было ў Польшчы, у Неапалі, у Славеніі. Гэта краіны Еўрапейскага звязу, таму гэта вядомыя кейсы, шмат артыкулаў пра гэтую сітуацыю. Людзей абвяшчалі ў вышук, але, канешне, не па палітычных артыкулах. Звычайна палітычна матываваныя сітуацыі яны абвяшчаюць у пошук па нейкіх эканамічных там прычынах.
Напрыклад, у чалавека ёсць палітычны пераслед, і рэжым неяк яго прыцягвае да адказнасці за нейкі эканамічны артыкул. Бывае такое, што яны падаюць у міжнародны пошук менавіта вось па гэтых эканамічных артыкулах.
Крысціна Рыхтар нагадвае — калі вы вядомы актывіст, ці ведаеце, што беларускі рэжым вас шукае, лепей утрымацца ад паездак у патэнцыйна небяспечныя краіны.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






