BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Якія магчымасці ў новым навучальным сезоне ёсць у беларускіх школьнікаў замежжа?

У беларускіх школьнікаў, якія знаходзяцца за мяжой, ёсць магчымасць захаваць культуру і ідэнтычнасць сваёй краіны. У гэтым перакананы намеснік прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі. Госць Рацыі ў размове з нашым радыё патлумачыў, якія магчымасці маюцца ў новым навучальным сезоне.

РР: Якая сітуацыя за мяжой у Польшчы, прынамсі, з навучаннем для развіцця беларускага асяроддзя, беларускай мовы, беларускай культуры?

Павел Баркоўскі: Тут ёсць два складнікі. Па-першае, існуюць школы для беларускай меншасці і яны стала функцыянуюць, хаця зараз перажываюць крызіс у сувязі з пазіцыяй кураторыі мясцовай асветы. Але ўсё ж такі гэта магчымасць застаецца. І тая частка нашай дыяспары, якая жыве ў Польшчы доўгія часы, яна мае гэтыя магчымасці. Для тых, хто нядаўна вымушаны быў пераехаць у Польшчу,  існуюць іншыя праекты. Гэта праекты, заснаваныя беларусамі ўжо пасля 2020 года. І сярод іх можна вылучыць некалькі школьных праектаў. Па-першае, гэта Беларуская школа ў Варшаве, гэта праект сеткі беларускіх школ нядзельных, які развіваецца на дабрачыннай аснове, і ён прапануе бацькам і дзецям магчымасць раз на тыдзень наведваць беларускую школу, дзе атрымліваюць веды па прадметах беларускага цыкла – гэта мова, літаратура, гісторыя, матэматыка, і творчыя заняткі, зразумела. І гэта ёсць магчымасць быць у асяроддзі і практыкаваць сваю мову і падцягваць веды па беларускаму школьнаму цыклу. Акрамя гэтага ёсць школа беларуская пры Акадэміі добрай адукацыі, там таксама працуюць класы, дзе беларускія дзеці па суботах могуць наведваць іх і атрымліваць прыблізна падобны круг прадметаў. І існуюць праекты цалкам платныя, але якія таксама вядуцца па-беларуску, гэта праект, напрыклад, школ “Я дома”, якую прапануюць у Варшаве. Што тычыцца іншых гарадоў Польшчы, то падобныя беларускія школы можна знайсці ў такіх гарадах як Кракаў, Беласток, Гданьск, Познань і Уроцлаў. І спадзяюся гэтыя пачынанні будуць расці і прынамсі больш вялікія  гарады Польшчы будуць ім ахопленыя.

РР: Ці атрымліваюць навучэнцы гэтых установаў нейкія сертыфікаты, пасведчанні?

Павел Баркоўскі: Звычайна гэтыя школы даюць напрыканцы свайго навучальнага года нейкія пасведчанні пра тое, што вучні вучыліся ў гэтай школе. Канешне, зараз яны не маюць нейкага афіцыйнага статуса. Але тым не менш, гэта паказчык пэўных дасягненняў для дзяцей і мы таксама думаем пра тое, каб пасля зрабіць нейкую агульную сістэму сертыфікацыі для таго, каб дзеці пасля маглі неяк улічваць іх у сваёй адукацыйнай біяграфіі.

Беларуская школа ў Варшаве, а таксама філіялы анлайн-навучання ў іншых гарадах: https://belshkola.org/

Беларускія класы пры Акадэміі Добрай адукацыі ў Варшаве, Познані і Гданьску: https://warszawa.dobraedukacja.edu.pl/2023/08/18/931/

Беларуская школка ва Уроцлаве: https://vasminoh.school/belaruskaja-shkolka-va-uroclave/

Беларуская школа мастацтваў імя М. Равенскага ў Варшаве https://www.shkolaravenskaga.pl/

Беларуская школка ў Вільні: https://t.me/szkolka_vilnia.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя