Дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта, кіраўнік стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага, прафесар Ян Маліцкі стаў адным з узнагароджаных медалём «За плённую працу на карысць Беларусі», заснаваным Аб’яднаным пераходным кабінетам міністраў.

Спадар Ян Маліцкі распавёў пра ўражанні ад цырымоніі ўручэння:
– Па-першае, для мяне гэта было вялікім сюрпрызам. Я быў, напэўна, адзіным сярод лаўрэатаў, які не ведаў, што яго ўзнагародзяць. Таму гэта была сапраўдная нечаканасць. Ад самага пачатку, як я займаюся беларускай справай, і нават з часоў падпольнай працы, і з моманту заснавання стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага ў 2006 годзе, гэта першая ўзнагарода, якую я атрымаў ад беларускага грамадства. Гэта вельмі кранальна.
Медаль «За плённую працу на карысць Беларусі» быў уручаны прафесару Яну Маліцкаму за значны ўклад у развіццё беларускай культуры, навукі і грамадскага жыцця, а таксама за адданасць інтарэсам беларускага народа. Адпаведна прафесар падкрэсліў, што нядаўні напад невядомых на яго ў Варшаве не прымусіць яго спыніць дзейнасць на беларускай ніве.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:


Беларускае Радыё Рацыя