У Беларусі праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ трох чалавек. Гэта Ігар Майсеенка, Алена Бобр, а таксама грамадзянін Эстоніі Алан Роя.

На сёння колькасць прызнаных палітвязняў у Беларусі складае 1257 чалавек, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Агульная колькасць людзей, якія апынуліся за кратамі з палітычных матываў, яшчэ большая — пра некаторых праваабаронцы даведваюцца толькі пасля вызвалення.
Ігар Майсеенка асуджаны да пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Алан Роя ўзяты пад варту за нібыта стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў яго дзейнасці. Ён знаходзіцца ў следчым ізалятары ўжо год.
Алена Бобр асуджаная на тры з паловай гады калоніі, таксама як і Ігар Майсеенка, паводле абвінавачвання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.






