У судзе Ленінскага раёна Берасця абвясцілі прысуд яшчэ васьмі мясцовым жыхарам — Івану Амрэйчыку, Васілю Ніпарку, Аляксею Самайлюку, Анатолю Закурку, Ігару Сарокіну, Сяргею Дземідзюку, Мікіту Яхімовічу і Валянціне Жукоўскай.

Усіх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту 10 жніўня 2020 года. Як піша @viasna_brest, суддзя Дзмітрый Шурын прызначыў ім тэрміны ад паўтара да двух гадоў калоніі.
Усе абвінавачаныя задоўга да суда былі змешчаныя пад варту. Каго затрымалі яшчэ ў лютым, кагосьці — цягам сакавіка гэтага года. Пазней усіх быў затрыманы Сяргей Дземідзюк — у красавіку. Ігара Сарокіна затрымалі на мяжы ў лютым, калі ён вяртаўся з Польшчы, дзе працаваў электрыкам.






