У Беластоку пабачыла свет кніга “Алесь. За беларускае жыццё…”, прысвечаная Нобелеўскаму лаўрэату прэміі міру Алесю Бяляцкаму. Кніга прымеркаваная да другой гадавіны ўручэння Нобелеўскай прэміі зняволенаму беларускаму праваабаронцу.
Госці Рацыі – Марцін Рэмбач – старшыня ўправы Цэнтра Грамадзянскай Адукацыі Польшча-Беларусь і Яўген Вапа – старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя, галоўны рэдактар штотыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”. Нагода сустрэчы – знакамітае выданне “Алесь. За беларускае жыццё…”. Кніга пра Алеся Бяляцкага. І сённяшнія госці маюць вялікае дачыненне да выдання гэтай кнігі – Беларускае Радыё Рацыя, тыднёвік “Ніва” і Цэнтр Грамадзянскай Адукацыі Польшча-Беларусь.
РР: Яўген, як пачалася гэтая кніга?
Яўген Вапа: Алесь Бяляцкі быў частым госцем у нас на Беласточчыне, частым госцем на Радыё Рацыя і ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы “Ніва”. Ён вельмі любіў і цаніў Беласточчыну, ведаў яе, чытаў усе выданні з Беласточчыны, кожны нумар “Нівы”. Таксама ён быў на першым і другім літаратурным семінары “Бязмежжа”. Тады ён прэзентаваў сваю кнігу “Літаратура і нацыя”. А два гады таму ён стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
РР: Цэнтр Грамадзянскай Адукацыі Польшча-Беларусь прыклаў руку да выдання гэтай кнігі.
Марцін Рэмбач: Я вельмі гэтаму рады і ўсцешаны, што атрымалася нам супольна выдаць гэтую кнігу. І выдаць яе на такім высокім рэдакцыйным роўні, гэта сапраўды прыгожая рэч і ўнікальная. Думаю, што чытачам будзе цікава пазнаёміцца з нашым выданнем. Гэта была досыць доўгая дарога да з’яўлення гэтай кнігі. Мы хацелі яе выдаць у першую гадавіну атрымання Нобелеўскай прэміі Алесем Бяляцкім. Але з розных прычын у нас гэта не атрымалася. Галоўная прычына – цяжка нам было знайсці сродкі на яе выданне. Але ў нас атрымалася на другую гадавіну. І Яўген Вапа быў тады на ўручэнні Нобелеўскай прэміі міру ў Осла. І гэта кніга мае нагадаць пра Алеся Бяляцкага ў спарве абароны правоў чалавека ў Беларусі. Пра тое, якая гэта важная і актуальная тэма, бо мы ведаем, што герой гэтай выдатнай кнігі, гэтага прыгожага жыцця, якое гэтая кніга апісвае, знаходзіцца ў зняволенні абсалютна несправядліва, па антычалавечым абвінавачанні.
РР: У гэтай кнізе ёсць унікальныя рэчы: фатаграфіі, тэксты, якія нідзе раней не публікаваліся.
Яўген Вапа: Гэтая кніга з’яўляецца ўнікальным падарункам Беларускага Радыё Рацыя і беларускай памяці, якое нашае радыё рабіла гадамі. Апошнім часам нават удалося знайсці ў сеціве запісанае відэа з пабыўкі Бяляцкага ў нашай студыі. І хачу сказаць, што галоўную частку кнігі складаюць інтэрв’ю Міхала Андрасюка “Вочы ў вочы” з Алесем Бяляцкім, якое стала асновай ідэі з’яўлення кнігі. Кніга ўзнікла ў маёй галаве ўжо два гады таму, калі я быў у Осла, суправаджаючы жонку Алеся Бяляцкага – Наталлю Пінчук. Гэта памяць пра чалавекая, які зняволены за беларускае жыццё. І адтуль менавіта і загаловак – “За беларускае жыццё”. І прыйшла тады ідэя зрабіць і дакументальнае кіно, і выставу, якая аб’едзе ўсю Еўропу, і кніжку. І ўсё за гэтыя два гады здзейснілася. Тут сапраўды рэчы і гісторыі, якія перадусім былі ў нас у эфіры. І мы таксама маем унікалныя лісты маладога Алеся Бяляцкага з 80-х гадоў, які быў у Савецкай арміі і пісаў лісты ў Гомель, на падставе якіх мы можам прасачыць яго стан душы, яго стан беларускасці, моц духа. І вельмі важна для нас было атрыманне згоды родных, блізкіх. З архіваў “Нівы” вельмі шмат фота, і сямейных фота, якія нідзе раней не публікаваліся. Для нас гэта памяць пра Алеся Бяляцкага і ўсіх палітычных вязняў. Ён застаўся ў Беларусі, не з’ехаў, хоць дарога ў Еропу была для яго адкрытая. І гэта цана жыцця, якое ён прысвяціў Беларусі. І гэтую кнігу я хачу ўручыць жонцы Алеся Бяляцкага – Наталлі Пінчук, без якой гэтай кнігі не было б. І кніга ёсць своеасаблівым дакументам таго дня, калі была ўручана Нобелеўская прэмія. Мы праз асобу Алеся Бяляцкага нагадваем свету пра ўсіх палітвязняў і пра Беларусь з менавіта беларускага пункту гледжання.
РР: У гэтай кнізе знойдзем і тое, як пазнаёміліся Алесь Бялцкі і Наталля Пінчук, як нараджалася гэтае каханне і як узнікала іхная сям’я.
Марцін Рэмбач: У гэтай кнізе ўбачым Алеся крыху шырэй. Як чалавека, які меў розныя зацікаўленні, якім мы яго ведалі. Як я памятаю Алеся, гэта чалавек, які захапляўся беларускай культурай, беларускай гісторыяй, гісторыяй беларускай літаратуры. І калі б Беларусь не перажывала тыя нешчаслівыя часы ў 90-я гады, то я думаю, што Алесь Бяляцкі стаў бы вядомым крытыкам, гісторыкам літаратуры, папулярызатарам гісторыі. Але ў сувязі з тым, што адбылося ў Беларусі, Алесь Бяляцкі мусіў зрабіў іншы выбар. Ён у меншай ступені быў гісторыкам літаратуры, чалавекам культуры, а ў большым сэнсе – абаронцам правоў чалавека і чалавекам, які змагаецца за сапраўдную Беларусь.
РР: Дзе можна набыць гэтую кнігу?
Яўген Вапа: Гэта невялікі тыраж. Мы хацелі нагадаць свету пра Алеся Бяляцкага. Але неўзабаве яна будзе даступная ўсім, хто мае кампутар і доступ да старонкі racyja.com, гэтая кніга будзе даступная ў PDF. Гэтая кніга створана менавіта для таго, каб беларуская памяць была дасяжная на кожным кантыненце. І яна будзе на нашым сайце, яе можна будзе прачытаць і ўзгадаць пра ўсіх палітычных вязняў Беларусі.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Гутарыў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя