BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Яўген Вапа: Ужо цяжка ўявіць, што можна будаваць беларускую дзяржаўнасць пад іншымі сцягамі

Беларусы ўсяго свету рыхтуюцца да адзначэння свайго нацыянальнага свята – Дня Волі 25 сакавіка. Шырокая святочная праграма запланаваная таксама ў Беластоку. Пра гэта размаўляем з старшынём управы Беларускага Радыё Рацыя, старшынём Беларускага Саюза ў Польшчы Яўгенам Вапам.

РР: Наша размова будзе датычыць Дня Волі: сёлетняга і ранейшых. Прапаную пачаць з ранейшых. Ці захаваліся асабістыя ўспаміны з першага Дня Волі, і якія яны?

– Захаваліся, і не толькі ў маёй памяці, але яны ўжо запісаныя на картах гісторыі. Таму што пасля доўгіх гадоў, у сакавіку 1985 года, мы наладзілі падпольныя святкаванні ў Варшаве, у якіх прынялі ўдзел тыя людзі, якія хацелі быць з намі. Мы спаткаліся ў Варшаве, будучы студэнтамі, разам з Юрыем Туронкам, Янкам Жамойцінам і іншымі асобамі, якія захоўвалі непасрэдную сваю гістарычную, сямейную і ўласную памяць пра 25 сакавіка. Мы сталіся спадкаемцамі той традыцыі святкавання ў такім шырэйшым коле.

І ўжо праз год мы такія святкаванні наладзілі ў Беластоку. І з гэтай пары, бесперапынна, праз год, можна сказаць, будзе нават круглы юбілей бесперапынных пасля Другой сусветнай вайны такіх святкаванняў у Польшчы. І трэба сказаць, што гэтыя святкаванні адбываліся не толькі ў студэнцкіх колах, яны ўжо пашыраліся з гадамі на ўсю нашую грамадскасць, на ўсіх, хто хоча святкаваць.

І такім чынам мы даносілі гэтыя святкаванні да шырэйшага грамадства. Менавіта калі я пачаў працаваць у Гайнаўскім Беларускім Ліцэі, то там я таксама наладзіў святкаванні 25 сакавіка. І з гэтай пары да нашых дзён бесперапынна святкуецца таксама і там. Дзень Волі святкуецца таксама і ў іншых школах, і ў іншых месцах. Тут трэба сказаць, што менавіта падчас таго святкавання на Беласточчыне сустракаліся такія пакаленні людзей, якія верылі ў беларускасць, якія хацелі нешта рабіць.

А потым, раптоўна для ўсіх, пасля 1989 году, на Беласточчыне і ў Беларусі, у адкрытай форме трывала як сімвал беларускасці ўвайшлі сімвалы Беларускай Народнай Рэспублікі: бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Гэта трывае па сённяшні дзень, і бачым што для беларусаў ужо цяжка ўявіць, што можна будаваць дзяржаўнасць пад іншымі сцягамі, іншымі колерамі, і з такой гісторыяй. З гадамі яшчэ больш пачынаеш дацэньваць і разумець наколькі важныя паслядоўнасць і штогадовае святкаванне. Бо гэта заўсёды ўваходзіць у памяць.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя