BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Яўгенія Луцкіна: У краіне абсалютны прававы дэфолт

Работа праваабаронцаў, якіх рэжым выжыў у замежжа, вельмі ўскладнілася. І хаця ў Беларусі створана абсалютна неправавое поле, людзі сталі менш звяртацца да праваабаронцаў. Пра тое, чаму так адбываецца, мы пагаворым з “Госцяй Рацыі”, сябрам праваабарончага цэнтра “Вясна” Яўгеніяй Луцкінай:

РР: Вы даўно працуеце ў праваабарончым цэнтры.

– 4 гады.

РР: Што вы можаце сказаць пра сваю працу за гэтыя 4 гады?

– Магу адзначыць, што за 4 гады назіраецца пэўны спад актыўнасці камунікацыі з праваабаронцамі сярод насельніцтва, актывістаў, людзі, якія з самага пачатку вялі гэтую барацьбу. Гэта менавіта з тых момантаў, якія пагоршыліся. Наша праца ўскладняецца з кожным годам.

Я б нават сказала з кожным месяцам. Злачынная ўлада прыдумвае ўсё новыя законы, якія пагаршаюць умовы жыцця не толькі людзей у Беларусі, але і тых, якія з’ехалі. Я лічу, што гэта свайго кшталту помста з боку ўладаў. Людзі максімальна застрашаныя, неахвотна ідуць на кантакт з праваабаронцамі. Вельмі баяцца даваць інфармацыю, атрымліваць нейкія кансультацыі.

Значным фактарам з’яўляецца тое, што многія адвакаты, якія абаранялі палітычных і былі гатовыя брацца за гэтыя справы, яны на дадзены момант пазбаўленыя ліцэнзій. Праваабаронцам даводзіцца самастойна даваць кансультацыі ў межах крымінальных, адміністратыўных спраў, што дадае складанасці. Працы для праваабаронцаў не становіцца менш.

Нельга забываць, што ў нас акрамя палітычных рэпрэсій, назіраюцца яшчэ і іншыя праблемы. Нельга забываць пра праблемы дамашняга гвалту, праблемы дзяцей. Таму працы цяпер максімальна шмат і мне здаецца, што яе не стане менш. Але ўсё хацелася б, каб нейкія вынікі былі.

РР: Ці ёсць станоўчыя вынікі? Ці іх немагчыма зараз дамагчыся?

– Я лічу, што ў краіне абсалютны прававы дэфолт. Таму чакаць нейкіх вынікаў немагчыма, але да іх трэба ісці незалежна ад таго, ёсць гэтыя вынікі цяпер ці няма. Нельга здавацца, бо немагчыма, каб заўсёды было так. Я лічу, што раней ці пазней усё гэта павінна спрацаваць. Таму праца праваабаронца важная і патрэбная, нават калі хтосьці не бачыць у гэтым ніякага сэнсу.

Ёсць міжнародныя арганізацыі, якія могуць нам дапамагаць, нас падтрымліваюць. Трымаць павестку рэпрэсіяў у Беларусі на міжнародным узроўні гэта таксама вельмі важна, каб свет ведаў, што адбываецца ў нас у краіне. Улічваючы тое, што цалкам заблакаваныя СМІ ў Беларусі і ўнутры краіны працуе толькі прапаганда.

Людзі не маюць магчымасці атрымліваць інфармацыю. Калі замоўкнуць незалежныя СМІ, калі замоўкнуць праваабаронцы, калі замоўкнуць актывісты, то свет падумае, што ў Беларусі ўсё цудоўна, а гэта не так. Таму праца журналістаў і праваабаронцаў гэта вялізны ўклад у будучыню Новай Беларусі.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Паводле Яўгеніі Луцкінай, трэба не забываць пра меры перасцярогі тым, хто жадае дапамагчы праваабаронцам у выяўленні парушэнняў.

Беларускае Радыё Рацыя