Народная амбасада Беларусі ў Італіі адзначыла тры гады працы, якія сталі перыядам інтэнсіўных выклікаў, актывізацыі салідарнасці і значнага ўздыму грамадавай самаарганізацыі беларускай дыяспары.
За час існавання ініцыятыва ператварылася ў адзін з ключавых цэнтраў падтрымкі, кансультавання і каардынацыі для грамадзян Беларусі, што жывуць або часова знаходзяцца на тэрыторыі Італіі.

Распавядае кіраўніца Народнай амбасады Юлія Юхно:
– Шмат чаго ўдалося зрабіць насамрэч. Гэта і тычыцца праектаў для дзяцей, гэта тычыцца праектаў навагодніх падарункаў, гэта тычыцца шэлтараў, офісу. За гэтыя тры гады шмат чаго мы зрабілі. Сёння мы выклалі навіну пра тое, што ў нас выйшла справаздача, і там можна падрабязна прачытаць пра тое, што мы зрабілі за апошні год. Мы кожны год выкладваем справаздачу, то бок можна прасачыць куды мы ідзем і якімі тэмпамі.
Па словах Юліі Юхно, ужо хутка прадстаўнікі Народнай амбасады будуць ладзіць традыцыйную акцыю Калядных падарункаў:
– Традыцыйная акцыя, мы яе робім кожны год. Апошнія тры гады ў нас не вельмі шмат людзей далучаецца і запытаў таксама не вельмі шмат, каля 30-35, але гэтыя запыты мы апрацоўваем і заўсёды знаходзім магчымасць неяк дапамагчы гэтым сем’ям. У гэтым годзе мы таксама зрабілі гэтую акцыю, яна тычыцца толькі тых, хто быў рэпрэсаваны, то бок мы ведаем, што шмат хто дапамагае палітвязням, мы дапамагаем менавіта рэпрэсаваным.
Юлія Юхно кажа, што на тэрыторыі Італіі жывуць больш за сем тысяч беларусаў, але яны раскіданыя па ўсёй краіне.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






