“Мы кажам аб праблемах, але і падкрэсліваем нашы дасягненні”, – заўважыла падчас канферэнцыі “Новая Беларусь” прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па гендарнай роўнасці Юлія Міцкевіч. Яна асабліва падкрэслівае ролю жанчын у палітыцы, і тую ролю, якую беларускі адыгралі ў 2020 годзе.

– Пратэсты пяць гадоў таму пачаліся з жаночай рэвалюцыі, і сёння таксама пра гэта важна памятаць, і сёння мы бачым, як жанчыны-палітыкі ўносяць свой уклад у тое, што адбываецца. Але мы вельмі сумленна, шчыра глядзім на сябе і, канешне, чуем крытыку, якая ёсць ад беларусаў і беларусак, і заўсёды прыслухоўваемся да яе і гэта для нас вельмі важна.
Не зважаючы ні на што, мы працягваем барацьбу, зазначыла Юлія Міцкевіч, і распавяла пра тое, што ёй асабіста надае сілы:
– Надае, канешне, веры ў тое, што ўсё не скончылася, як заўсёды кажа мая сяброўка Вольга Шпарага, гэта рэвалюцыя ў прагрэсе. Мы працягваем, і да тое пары, пакуль мы не вернемся, будзем працягваць. Вось гэта надае моцы. Надае моцы і тое, што людзі побач. Яны не здаюцца. Канешне, гэтае таксама дае такі імпэт унутраны.
Юлія Міцкевіч ужо 25 гадоў займаецца феміністычнай, палітычнай і грамадзянскай дзейнасцю. Пасля сфальсіфікаваных Лукашэнкам выбараў 2020 года яна была сярод заснавальніц Фемгрупы, якая першапачаткова працавала ў складзе Каардынацыйнай рады. Цяпер гэта асобная ініцыятыва, якая супрацоўнічае з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя






