BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Юлія Сівец пра дзіўную незалежнасць

У Беларусі, здаецца, усе ўжо прызвычаіліся да таго, што трапіць за краты можна за крытычнае выказванне, лайк пад навінамі альбо праз данос з боку пільных грамадзян. Але ўсё адно не пакідае пачуццё абсурда, калі чытаеш у чарговы раз пра тое, што кагосьці дагэтуль арыштоўваюць за адзенне «палітычнага» колеру альбо няправільныя налепкі на аўтамабілі. Яшчэ, праўда, больш здзіўляе тое, што нават на 4-ы год маштабных рэпрэсій застаюцца людзі, якія не баяцца ў публічным месцы дэманстраваць сваю пазіцыю.

Здымак ілюстрацыйны

Так, праўладныя каналы, набліжаныя да сілавікоў, адрапартавалі пра затрыманне кандыдата ў майстры спорту па плаванні Дзмітрыя Шчэмера. 29-гадовы мужчына затрыманы за футарал на тэлефоне, на якім месціўся надпіс «Маліцеся за Беларусь» на англійскай мове і выява нацыянальнай сімволікі. Гэты чахол прыцягнуў увагу міліцыянтаў, якія пасля затрымання, вядома, знайшлі ў тэлефоне доказы страшнага злачынства: відэа з пратэстаў. Як паведамляюць рэсурсы сілавікоў, у дачыненні да затрыманага адкрытая крымінальная справа. Страшнае злачынства ў выглядзе надпісу «Маліцеся за Беларусь», нічога не скажаш. Нешта падказвае, калі б грамадзянін ехаў з тэлефонам, на чахле якога было б напісана «Люблю Расею» і з імперскім сцягам у афармленні, то на яго б супрацоўнікі ўвагу не звярнулі. Ад слова зусім. А вы кажаце незалежнасць…

Беларускае Радыё Рацыя