BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Юлія Сівец пра скасаванне прыгонніцтва

Прыгоннае права ў Расейскай імперыі скасавалі толькі ў 1861 годзе. У гэты час у Англіі ўжо пачалі будаўніцтва метро, а нямецкі фізік Іяган Рэйс публічна дэманстраваў уладкаванне, якое магло перадаваць чалавечую мову па правадах і якое вынаходнік назваў тэлефон.

А ў Расеі ў гэты момант расейскія памешчыкі маглі прадаваць сялян, ссылаць іх у Сібір, на катаржныя работы, сялянам было забаронена падаваць скаргі на сваіх гаспадароў. Карацей, жылося сялянам у Расейскай імперыі не вельмі добра. Калі ў Іспаніі асабістая залежнасць ад феадала была скасаваная яшчэ ў 15 стагоддзі, то ў Расейскай імперыі прыгонніцтва існавала да канца 19 стагоддзя. І вось гэтую важную падзею, калі нарэшце сяляне перасталі быць уласнасцю расейскіх памешчыкаў, хацелі адзначыць у расейскім горадзе Кастраме. Аднак мэрыя Кастрамы адмовіла жыхарам горада ў правядзенні тэматычнага пікета. Праўда, сама мэрыя адмаўляе, што нешта забараняла. Маўляў, не забараніла, а рэкамендавала. А вось дэпутат Кастрамской абласной думы наадварот сцвярджае, што ўпершыню з 2018 год пікет з нагоды скасавання прыгонніцтва забаранілі праводзіць. Звычайна ў гэты дзень жыхары горада абмяркоўвалі, якія правы грамадзян парушаюцца ў Расеі. Аднак гэтым разам абмеркавання і самога пікета не адбылося. Цікава, мэрыя Кастрамы пабаялася, каб узгадвалі дзень скасавання прыгонніцтва, якое адбылося 163 гады таму, ці ўсё-такі, што будуць абмяркоўваць цяперашнія парушэнні правоў чалавека ў Расеі. Зрэшты, усё лагічна: краіна весела рухаецца ў бок новай расейскай імперыі. Відаць, для гэтага без прыгонных не абысціся.

Беларускае Радыё Рацыя