У Беларусі адбыліся выбары з вельмі прадказальным вынікам і наведваннем выбарчых участкаў. Многія незалежныя выданні яшчэ за тыдзень да адзінага дня галасавання прадказалі, каго абяруць у так званую палату прадстаўнікоў. І не таму, што журналісты прайшлі нейкія курсы ў школе чараўнікоў Хогвардс, а таму што дэпутатаў у Беларусі не выбіраюць. Каму быць дэпутатам вырашаюць самі ж улады. Ну, а тое, колькі прыйдзе беларусаў на выбарчыя ўчасткі, можна было здагадвацца яшчэ год таму. Не менш за 70% дакладна. Бо, напрыклад, у 2019 яўка склала 74,68%. Сёлета – троху меней, але ўсё роўна не менш за 70. А дакладна: 73,09%.

Ну, а самае галоўнае, выбары паказалі, колькі людзей падтрымлівае ўлады. Як заявіў саміведаецехто, цяперашнія ўлады падтрымлівае больш за 87% насельніцтва. То бок нават на 14% болей, чым прыйшло выбарцаў галасаваць. Відаць, гэтыя 14% проста захварэлі, а таму не змаглі выканаць свой грамадзянскі абавязак па падтрымцы ўладаў, якія яны так падтрымліваюць. Аднак, як аказалася, і 87% падтрымкі – гэта яшчэ не мяжа. Саміведаецехто збіраецца сітуацыю зрабіць яшчэ лепей. Як ён заявіў, ёсць невялікая колькасць тых, хто хістаецца. А таму «ў гэтым электаральным цыкле трэба аналізаваць і рабіць адпаведныя высновы, трэба штосьці выпраўляць». Канешне, выпраўляць. Даеш не 87% падтрымкі, а ўсе 100%! Як у Паўночнай Карэі.
Беларускае Радыё Рацыя






