Некалькі тысяч беларусаў знаходзяцца ў расейскай базе вышуку. А значыць на іх распачатыя крымінальныя справы. Сярод іх – шматлікія журналісты, палітыкі, праваабаронцы і актывісты, якія вымушаны былі ўцякаць за мяжу ад рэпрэсій і пераследу. Запрашаем на размову з нашым сённяшнім госцем, журалістам Юрасём Дзешуком, які таксама аказаўся ў гэтым спісе.

РР: Размову хачу пачаць з актуальнай інфармацыі, якую ў беларускім дэмакратычным асяроддзі актыўна абмяркоўваюць, з’явіліся ў адкрытым доступе базы вышуку Міністэрства ўнутраных спраў Расейскай Федэрацыі, ужо вывучылі гэтыя базы, аказалася, што грамадзян Беларусі ў гэтым спісе 3186 чалавек, гэта тыя людзі, якія знаходзяцца ў Расеі ў вышуку, і сярод гэтых беларусаў ёсць таксама і тваё прозвішча. Як успрыняў гэтую інфармацыю?
Юрась Дзяшук: Па-першае, калі пабачыў у Фэйсбуку, што ўсе шукаюць сябе ў гэтай базе, першая мая думка была, хай толькі мяне там не будзе. Пакрыўджуся. Бо я на 99,999 быў упэўнены, што я там ёсць, бо я ў беларускай базе вышуку ўжо больш года, я гэта ведаю, і мне пра гэта час ад часу нагадваюць мае землякі з Бярозаўкі. Мне скідваюць фотаздымкі з дошкі «Их разыскивает милиция». І там яны бачаць знаёмы ім твар. Таму тое, што я ў той базе, для мяне гэта была не навіна. І хутчэй за ўсё я там ужо больш за год. Вядома, што ў Беларусі на мяне заведзена крымінальная справа, прынамсі адна, пра якую я ведаю, гэта за падзеі ў судзе над Вітольдам Ашуркам, дзе я прысутнічаў як сябра Вітольда, як журналіст, дзе выконваў свае журналісцкія абавязкі. І тое, што мне інкрымінуюць, я нават і блізка там не рабіў, гэта ўсё зафіксавана ў відэазапісах.
РР: А які крымінальны артыкул?
Юрась Дзяшук: Гэта 339-ы артыкул, частка другая «хуліганства, зробленае групай асоб». А гэтай групай асоб прызнаны я адзін.
РР: То бок, калі казаць пра гэтую базу, ты хутчэй бы здзівіўся, калі б там не было твайго прозвішча.
Юрась Дзяшук: Так. Для мяне было б вялікім здзіўленнем, калі б я сябе там не знайшоў. Былі б пытанні і сумневы. А можа і праўда з’ездзіць у той Калінінград на магілу Канта. Або ў які іншы расейскі горад. Ну а зараз ужо ніякіх сумневаў няма.
РР: Толькі тут адразу дадам, што калі вы не знаходзіце свайго прозвішча ў гэтым спісе, гэта абсалютна не азначае, што ў Беларусі на вас не распачата крымінальная справа. Варта пра гэта памятаць, таму што кожны дзень да нас даходзіць інфармацыя пра затрыманні беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы.
Юрась, ты ўжо згадаў гэты суд над Вітольдам Ашуркам. Ужо больш за тры гады прайшло з таго дня, які мы ўсе памятаем, калі быў агучаны гэты вырак – пяць гадоў зняволення. І памятаем, што ўсяго праз некалькі месяцаў, у траўні таго ж года, Вітольда не стала пры трагічных абставінах, фактычна мы гаворым, што ён быў закатаваны за кратамі. Гэтыя месяцы каардынальна змянілі тваё жыццё. Паколькі ты вымушаны быў выехаць з Беларусі. Я можа папрашу цябе правесці параўнанне твайго эмацыйнага стану і твайго настрою тады і цяпер. Што змянілася для цябе асабіста за гэтыя тры гады?
Юрась Дзяшук: Тады, да ад’езду, тыя месяцы сапраўды для мяне былі вельмі цяжкімі – і ў эмацыйным, і ў маральным плане. Я не мог займацца сваёй прафесіяй, каб не нашкодзіць сабе. І ўвесь час чакаў, што за мной прыйдуць і прыйдуць раз і назаўсёды, бо было шэраг вобшукаў, затрыманняў, два разы на ІЧУ давялося пасядзець, шэраг экспертыз, допытаў і ўсё такое. Гэта толькі сівых валасоў дадае ў галаву. А тут я адчуваю сябе больш-менш у бяспецы. Калі адкінуць тую вайну, што ва Украіне, якая побач, то і ўвогуле можа разняволіцца і жыць. Але ўсё ж цягне на радзіму. І кожны дзень думаеш пра Беларусь, пра Бярозаўку, і нават сніш яе.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






