
Напярэдадні Дня волі 25 сакавіка мы пагаворым пра гісторыю гэтага свята з госцем Беларускага Радыё Рацыя прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта гісторыкам Юрыем Грыбоўскім. Спадар прафесар адказаў на пытанні, чаму не ўдалося захаваць Беларускую Народную Рэспубліку, які ўплыў БНР аказала на будучыню Беларусі і беларусаў:
РР: З якой падзеяй звязана святкаванне Дня Волі 25-га сакавіка? Чаму менавіта гэтая дата?
— 25-га сакавіка 1918 года была абвешчана Трэцяя грамата. Згодна з гэтай граматай абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Утварэнне БНР адбылося крыху раней, 9-га сакавіка, у адпаведнасці з Другой граматай, але тады яшчэ гаворка ішла пра БНР не як пра незалежную дзяржаву, а як пра частку іншай дзяржавы.
А вось 25-га сакавіка, менавіта на падставе Трэцяй граматы, БНР абвяшчалася як цалкам незалежная і суверэнная дзяржава.
Гэта адбылося ў Менску, нагадаю, ва ўмовах нямецкай акупацыі. У той час яшчэ працягвалася Першая усясветная вайна, Беларусь знаходзілася, так бы мовіць, на першай лініі фронту, адбываліся баявыя дзеянні. І ў гэты неспакойны, вельмі складаны час беларускія дзеячы наважыліся абвясціць беларускую незалежнасць.
РР: Якую ролю адыграла абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе для фарміравання беларускай дзяржаўнасці?
— Акт 25-га сакавіка вельмі цяжка пераацаніць. Чаму? Таму што ўпершыню ў гісторыі не толькі Беларусі, але ў гісторыі свету, чалавецтва, на палітычнай мапе Еўропы, прынамсі на пэўны час, з’явілася дзяржава, якая нават у назве мела беларускасць.
Так, Беларуская Народная Рэспубліка — гэта была першая беларуская нацыянальная дзяржава, першая дзяржава, якая абвяшчалася як беларуская, мела беларускі характар і ўласны ўрад.
РР: Чаму БНР не стала рэальнай дзяржавай і як яе спадчына ўплывае на сучаснасць?
— Чаму БНР урэшце атрымала паразу? Гэта вельмі складанае пытанне, і тут, шукаючы прычыны, трэба звярнуць увагу як на ўнутраныя, так і на вонкавыя чыннікі.
Калі казаць пра вонкавыя чыннікі, то варта памятаць, што абвяшчэнне БНР адбылося фактычна насуперак волі ўсіх бакоў, якія бралі ўдзел у Першай усясветнай вайне. Ніхто на міжнароднай арэне папраўдзе не быў зацікаўлены ў існаванні беларускай дзяржавы.
Беларускія дзеячы намагаліся рабіць усё магчымае, каб зацікавіць свет, суседнія дзяржавы, у першую чаргу, існаваннем беларускай дзяржаўнасці. На гэта былі скіраваны сапраўды вялікія дыпламатычныя і палітычныя высілкі. Але, падсумоўваючы, трэба сказаць, што міжнародная кан’юнктура гэтаму не спрыяла.
А калі казаць пра ўнутраныя чыннікі, то трэба адзначыць, што беларускі нацыянальны рух узнік на мяжы XIX і XX стагоддзяў. Але, у параўнанні з суседнімі народамі, беларускі нацыянальны рух узнік найпазней, з пэўным спазненнем.
Гэта не віна беларусаў — гэта быў паслядоўны гістарычны працэс, і пэўныя рэчы тут, як кажуць, ні самі беларусы, ні дзеячы беларускага руху не маглі змяніць.
Беларускае грамадства, якое ў асноўным складалася з сялянства, яшчэ не ўсведамляла патрэбы існавання незалежнай беларускай дзяржавы. Частка грамадства, напрыклад інтэлігенцыя, гэтую ідэю падтрымала, але іх было недастаткова для таго, каб стварыць дзяржаву.
Бо абвясціць — адна справа, а другая справа — абараніць яе, адстаяць, паміраць за яе. Трэба было стварыць войска, якое было б здольнае абараняць межы і краіну. Але гэтага не ўдалося стварыць, сярод іншага, на маю думку, нават у першую чаргу таму, што грамадства яшчэ не было да гэтага гатова.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Дыктатар Лукашэнка не прызнаваў Дня волі 25 сакавіка і таму святкаванне яго ў Беларусі суправаджалася жорсткімі рэпрэсіямі. Тым не менш яно адзначалася і адзначаецца беларусамі па ўсім свеце да гэтага часу.






