Новы праект абвясціла служба “Адно акно”. Мэта – пракансультаваць беларусаў, якія знаходзяцца ў Беларусі.
Ён рэалізуецца праз службу «Адно акно», якая раней была створаная па ініцыятыве прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Вольгі Гарбуновай. У нашым эфіры яна расказала пра юрыдычную «гарачую лінію»:
-За вось гэтыя амаль пяць месяцаў працы службы «Адно акно» мы атрымалі ўжо амаль 400 зваротаў па розных пытаннях. Мы ўбачылі наколькі запатрабавана юрыдычная дапамога для людзей унутры краіны, наколькі людзі маюць патрэбу ў прафесійных кансультацыях адвакатаў, магчымасць задаць сваё канкрэтнае пытанне.
Пачынаючы са жніўня 2020 года ў краіне наступіла сітуацыя прававога дэфолта. Людзі дэзарыентаваныя, многіх адвакатаў пазбавілі права на прафесію. Шмат адвакатаў сядзіць у турмах. І людзі ўсё часцей баяцца сфармуляваць свае праблемы для іншых, бо баяцца пераследу. І тут важна разумець, што ў гэты момант дэзарыентацыі людзям неабходны максімальна бяспечны, просты, даступны інструмент атрымання прафесійнай юрыдычнай дапамогі.
У Беларусі зварот па юрыдычную дапамогу можа спалучацца з рызыкай для ўласнай бяспекі. Пра гэта заўважаюць арганізатары акцыі і абяцаюць поўную бяспеку падчас кансультацый на спецыяльнай «гарачай лініі». Аператары на лініі не запісваюць і не захоўваюць дадзеныя пра званкі карыстальнікаў. Першая сесія ў пятніцу.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя