Свет убачыла новая кніга вядомага амерыканскага гісторыка Юрыя Фяльшцінскага «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара». Выдала кнігу выдавецтва ISIA Media Verlag у Лейпцыгу.

Мы пагаворым з госцем нашага радыё аўтарам кнігі Юрыем Фяльшцінскім пра тое, чаму менавіта выбрана Наталля Радзіна ў якасці галоўнай гераіні кнігі пра Беларусь:
РР: Што стала для Вас галоўнай матывацыяй напісаць менавіта пра Наталлю Радзіну? Чаму Вы абралі менавіта яе, каб расказаць пра Беларусь?
Юрый Фяльшцінскі: Пачнем за таго, што мяне вельмі цікавіць Беларусь. Беларусь мяне цікавіць са стратэгічнай кропкі бачання і з геапалітычнай кропкі бачання. Бо калі паглядзець на мапу, і для гэтага не трэба быць экспертам і спецыялістам, то становіцца зразумелым, што Беларусь – гэта плацдарм для расейскай пагрозы Еўропе ці для расейскага ўварвання ў Еўропу. І невыпадкова ўварванне ў 2022 годзе ва Украіну, адзін з галоўных кірункаў гэтага ўварвання на Кіеў, адбывалася менавіта з Беларусі. Інакш кажучы, той, хто кантралюе Беларусь, кантралюе вароты ў Еўропу. І да таго часу, пакуль у Расеі пуцінскі рэжым, і да таго часу, пакуль Расея кантралюе Беларусь, яна пагражае Еўропе. Адпаведна ў гэтай сувязі паўстае пытанне пра тое, як зрабіць так, каб Расея згубіла кантроль над Беларуссю. І невыпадкова адной з асноўных знешнепалітычных задач расейскага кіраўніцтва, дарэчы, яшчэ да Пуціна, быў захоп Беларусі. То бок, атрыманне поўнага кантролю над Беларуссю. Што было зроблена праз Лукашэнку. Калі ставіць пытанне, як зрабіць, каб Расея згубіла кантроль над Беларуссю і зрабіць так, каб яна перастала быць плацдармам для пагрозы Еўропе з Расеі, то трэба зрабіць тое, што зрабілі многія былыя савецкія рэспублікі пасля распаду СССР, а таксама краіны былой Усходняй Еўропы. Яны ўступілі ў НАТА. І набылі спакой і бяспеку. І досвед паказаў, што тыя краіны, якія не ўступілі ў НАТА, падвергліся нападу РФ. Грузія ў 2008 годзе, Малдова і цяпер Украіна. Эканамічная незалежнасць Беларусі ад Расеі заяспечваецца ўступленнем у ЕЗ, а палітычная і ваенная бяспека – уступленнем у НАТА.
Але для гэтага, зразумела, неабходна змена рэжыму ў Беларусі. Тут мы стаім перад пытаннем, хто з цяперашняй беларускай апазіцыі стаіць на гэтых пазіцыях. Хто разумее з сённяшніх лідараў беларускай апазіцыі, што праблемы незалежнасці і бяспекі Беларусі павінны быць вырашаны менавіта такім чынам. А Наталлю Радзіну я ведаю некалькі гадоў. Ведаю Андрэя Саннікава, Дзмітрыя Бандарэку, і мой досвед камунікацыі з імі мне прадэманстраваў, што менавіта гэтая частка палітычнай апазіцыі Беларусі правільна і адэкватна разумее задачы, якія стаяць перад Беларуссю. Я сустракаўся з Ціханоўскай, праўда, гэтая сустрэча была адносна кароткай, і ў адрозненне ад Радзінай, я зразумеў, што яна стаіць на іншых пазіцыях. І мне падаецца, што яе пазіцыя крыху не адпавядае палітычнай сітуацыі, якая склалася. Гэта кароткае тлумачэнне, чаму мяне зацікавіла ідэя апісання Беларусі праз Радзіну. Насамрэч, як я спадзяюся, гэта кніга пра сучасную Беларусь, але тое, што я напісаў у прадмове, паказана праз жыццё, біяграіфю аднаго чалавека.

РР: Як Вам падаецца, у чым унікальнасць Лёсу Радзінай?
Юрый Фельшцінскі: Сам лёс можа не ўнікальны ў тым, што ў Беларусі вельмі шмат таленавітых і энергічных журналістаў, якія ўступілі ў канфлікт з рэжымам, якіх у нейкі момант пасадзілі ў турму. Кагосьці забілі, хтосьці ў турме, кагосьці, як Наталлю Радзіну, выпусцілі, хтосьці ўцёк за мяжу. Верагодна, у гэтым плане яе лёс не ўнікльны. А ўнікальнасць, верагодна, палягае на тым, што яна абсалютна адданая сваім ідэалам. Яна абсалютна бескампрамісная, абсалютна некарумпаваная, яна цвёрда і ясна ведае, што яна хоча, куды яна мусіць ісці. І яе асабістыя інтарэсы ў гэтай яе палітычнай барацьбе, прафесійнай працы, насамрэч, стаяць на абсалютна апошнім месцы. Гэты чалавек выключна адданы задачам той барацьбы, якую яна вядзе. І я думаю, што ў гэтым яе ўнікальнасць. І не толькі яна, але і яе калегі, яе сябры – і Саннікаў, і Бандарэнка, невыпадкова ў іх няма ні нейкага іншага грамадзянства, ні ўласнасці за мяжой, таму што ўсё іх жыццё палягае на барацьбе з рэжымам Лукашэнкі. І адзіная задача – перамагчы ў гэтай барацьбе, вярнуцца ў Беларусь і пабудаваць новую, вольную, дэмакратычную Беларусь.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






