Юрыю Зянковічу дадалі яшчэ 2 гады зняволення. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Фігурант «справы змоўшчыкаў» Юрый Зянковіч амаль 3,5 года ўтрымліваецца ў зняволенні. За гэты час яго ўжо тройчы судзілі паводле крымінальных артыкулаў і перавялі на турэмны рэжым. Апошні раз, у жніўні, яго абвінавацілі ў «злосным непадпарадкаванні адміністрацыі турмы» і дадалі яшчэ 2 гады пазбаўлення волі.
Паводле «Вясны», у зняволенні на палітвязня ўвесь час аказваецца ціск: яго шмат разоў змяшчалі ў ШІЗА, пазбаўлялі перадач і не дазвалялі «атаварвацца». На знак пратэсту Юрый некалькі разоў трымаў галадоўку. Акрамя гэтага, у палітвязня сур’ёзна пагоршылася здароўе.
Некалькі месяцаў таму па невядомых прычынах яго перавялі ў СІЗА КДБ. У верасні па БТ выйшаў фільм, у якім моцна схуднелы Зянковіч расказваў пра тое, як у 2021 годзе нібыта хацеў «захапіць уладу».
Крыніца: “Вясна”






