Каардынацыйная рада таксама змяніла рэгламент, цяпер можна сумяшчаць яе мандат і пасаду ў АПК.
Каардынацыйная рада прыняла змены ў статут, якія дазваляюць яго шараговым дэлегатам сумяшчаць мандат і пасаду ў Абʼяднаным пераходным кабінеце, паведамляе тэлеграм-канал КР. Адпаведны пункт рэгламенту выкладзены так:
«Дэлегат Каардынацыйнай рады не можа сумяшчаць пасаду прадстаўніка або яго намесніка з правам голасу ў Абʼяднаным пераходным кабінеце з пасадамі спікера, віцэ-спікера, кіраўніка сакратарыята, кіраўніка камісіі або ўдзельніка рабочай групы па слуханнях АПК у Каардынацыйнай радзе».
За змены ў Статут прагаласавалі 60 дэлегатаў з 80. Плануецца, што абноўлены дакумент будзе апублікаваны ў пачатку ліпеня. «Пасля гэтага трэці склад рады зможа выбраць спікера, віцэ-спікера, склад камісій і спецыяльнага прадстаўніка КР у ЗША», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Апрача таго адзінагалосна вырашылі замацаваць адзіную мову афіцыйных дакументаў КР – беларускую.
Беларускае Радыё Рацыя