У Польшчы — па розных падліках, 300 000 беларусаў, але няма паўнавартаснай беларускай школы. Шмат арганізацый, але няма адной структуры, якая магла б прадстаўляць інтарэсы дыяспары ўзаемна з дзяржаўнымі органамі. Журналіст і медыяменеджар Аляксей Дзікавіцкі, стваральнік мультымедыйнай платформы Belarus Tomorrow, прапануе новую ініцыятыву: стварыць прадстаўніцтва беларускай дыяспары з моцным мандатам і выразнымі задачамі.

Што трэба для гэтага? Якую ролю могуць адыграць беларусы Польшчы? І як пабудаваць супрацу з дзяржавай, якая заснавана на даверы і павазе? Пра гэта — у размове з “Госцем Рацыі” – Аляксеем Дзікавіцкім.
РР: Раскажыце пра вашую ініцыятыву стварэння арганізацыі хіба на тэрыторыі Польшчы. Якую праблему трэба вырашыць і што маецца на дадзены момант?
Аляксей Дзікавіцкі: Такая вялікая дыяспара, як беларуская, павінна мець упаўнаважанае сваё прадстаўніцтва, менавіта орган, які б мог ад імя гэтай дыяспары размаўляць і з уладамі канкрэтных гарадоў, з муніцыпальнымі ўладамі і таксама ўладамі дзяржавы. Бо пры такой колькасці нашых людзей у Польшчы нават няма сваёй школы. Гэта, мне падаецца, вынікае з таго, што мы недастаткова аб’яднаныя і недастаткова ў сябе верым. Будучы аб’яднанымі, можна супрацоўнічаць з Польскай дзяржавай. Ёсць жа маса розных праграм, ёсць розныя магчымасці, каб не залежыць увесь час ад грантаў, а супрацоўнічаць з дзяржаўнымі інстытутамі, быць на самафінансаванні дыяспары. Але перадусім трэба даведацца, чаго людзі з дыяспары хочуць, незалежна ад сваіх палітычных поглядаў, ад таго, ці яны сюды прыехалі па палітычных матывах, ці па сямейных, ці па эканамічных. Я думаю, што многія з іх зацікаўленыя ў тым, каб усё ж такі заставацца беларусамі, памятаць пра свае карані. Бо інтэграцыя – гэта добра, але не асіміляцыя. Таму спачатку трэба, мне падаецца, сфармаваць ініцыятыўную групу з людзей, якія зацікаўленыя ў такім працэсе, а потым вызначыцца са структурай, як гэта мае выглядаць з юрыдычнага пункту гледжання, таксама прагаварыць магчымасці, як склікаць нейкі ўстаноўчы сход. На гэтым сходзе вызначыцца з формай юрыдычнай арганізацыі і таксама паслухаць патрэбы, якія людзі маюць. Тады ўжо вырашаць канчаткова, у якой форме стварэнне падобнай арганізацыі патрэбнае.
РР: Чаму, як Вы лічыце, зараз найлепшы час для такой арганізацыі?
Аляксей Дзікавіцкі: Я не супраць таго, чым займаюцца палітыкі. Але я не ўяўляю сабе, як палітыкі могуць прадстаўляць інтарэсы дыяспары. Дыяспара сама свае інтарэсы можа толькі прадстаўляць. Бо яна ведае, што ёй патрэбна. Дыяспара павінна ўвесь час актуалізаваць свае праблемы, свае задачы. Павінна быць у сталым кантакце з уладамі краіны, у якой яна жыве, паміж сабой, арганізоўваць гарызантальныя структуры, якія маглі б быць нават на самаакупляльнасці. Таму што не можа быць так, што такая шматлікая дыяспара залежыць выключна ад нейкіх донараў. Мінула пяць гадоў ад падзей 2020 года, значна павялічылася колькасць беларусаў у замежжы. Калі мы маем на мэце ўсё ж такі не асімілявацца, калі мы верым у свае сілы, то зараз хіба час прыспеў нешта такое зрабіць. Бо далей беларусы будуць разрознена, не маючы сваіх сацяльных інстытутаў, жыць у выгнанні, тым хутчэй яны будуць асімілявацца і знікаць.
Свае прапановы і ідэі можна дасылаць на электронную пошту: [email protected], або праз фэйсбук Аляксея Дзікавіцкага.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






