Ну як ні кажы, а штогадовы, амаль месячны калядны перыяд на Падляшшы памаленьку адыходзіць у мінулае. Ад каталіцкай Вілеі да праваслаўных Трох Каралёў, ці інакш Вадохрышча, жыхары нашага рэгіёна маюць непаўторны шанц традыцыйна апынуцца ў адноснасці прасторы і месца. На працягу такога адрэзка часу на самім сабе можна пераканацца, што метафізічнае ўспрыманне свету, гэта адна з тых вялікіх таямніц усяленнай, якая стагоддзямі прыпісаная гэтаму куточку зямной прасторы. І толькі праблемы і выклікі адміністрацыйна-бюракратычнага кшталту прымушаюць людзей займацца справамі, што не прыпісаны тут да іх генетычна-сакральнага календара. А зараз канец года для ўсіх бухгалтараў, адміністрацый фірм, фондаў і няўрадавых арганізацый з’яўляецца перыядам, які на святочнасць нашых дзён кладзецца так негатыўным адбіткам, што ў людзей уся стома ад гэтых абавязкаў адбірае нават радасць на слаўленне нованароджанага Ісуса Хрыста.
Апошнімі гадамі гэты месячны адрэзак часу прыносіць нам яшчэ адну неспадзяванку, што моцна лупіць па нашым біялагічным гадзінніку, а менавіта зменлівасць надвор’я і затым тэмпературы. Вясна, восень, зіма ў штодзённую перамешку б’е ўжо не толькі па метэапатах, але і кожнаму надаядае бы тая славутая чарвівая рэпа. А пры такіх рэзкіх паваротах пагоды растлумач для сябе і іншых, што хоць яшчэ нешта ў гэтым свеце ёсць трывалым і прадбачлівым. Таму і пасоўваюцца людзі ў сваім здароўі тым біялагічным і псіхічным. Адным словам, крыша едзе нават у найбольшых аптымістаў. Ой, паехала ў нашых пад галовамі, або шапкамі, ці хусткамі — так вобразна, далікатна і са спачуваннем у маёй маладосці паўтаралі людзі пра тых, каму прыйшлося змерыцца з псіхалагічнымі, ці псіхіятрычнымі выклікамі. «Слабыя тэпэр людэ», — паўтараў мой пакойны бацька, якому на яго асабістую долю, як і ўсяго пакалення выпала пражыць такое на сваіх вачах, у душах і сэрцах, што думаючы ў цяперашніх катэгорыях, то да канца сваіх жыццяў павінны яны не выходзіць з кабінетаў псіхатэрапеўтаў, каб асэнсаваць пражытае. Ну, але што ж ты зробіш! Застаецца нам толькі «дріпсаты і дріпсаты» без аніякай карысці часта ў адным жа і тым самым месцы. От сталі мы такімі зямнымі хамякамі, што са свайго тупіка ў клетцы робім быццам праяву нашай самастойнасці і самашчаслівасці. Відаць туды і такую дарогу чалавечаму роду рады бачаць тыя, у чыіх руках апынуліся зараз інструменты і прылады праектавання грамадска-эканамічна-сацыяльных працэсаў. Крыху сумна пісаць пра такое ў калядны перыяд, але ці ж час нараджэння Ісуса Хрыста не ёсць акурат тым добрым момантам, каб не падумаць пра тысячагоднія выклікі свабоды, надзеі, адкуплення і перамогі дабра над злом? Як ні кажы, а вакол нас лютуе штораз больш праяваў трэцяй сусветнай вайны.
Тут яшчэ адна асабістая рэфлексія. Месячная, падляшская прастора і атмасфера Нараджэння Хрыстовага дазволіла мне і многім аўтахтонам хоць крыху амартызаваць унутрыпалітычныя, польскія падзеі, звязаныя з прызначэннем у палове снежня новага ўрада прэм’ера Дональда Туска і яго кааліцыянтаў. Заўсёды палітыкі, калі прыходзяць да ўлады, то просяць спакою, ці ацэнкі пасля ста дзён кіравання. Зараз на працягу месяца адбылося столькі, што пакінуць абыякавым унутрыпольскую на жаль вайну проста немагчыма. Мэтай кіруючых не ёсць толькі цяжкі палітычны накдаўн па поўнай праграме, дзе прайгранаму даецца шанц усё ж такі падняцца, але, здаецца, ідзе пра трывалую кантузію, якая не дазволіць былой урадавай кааліцыі пазбірацца і прыступіць да паўнацэннага змагання за польскія самаўрадавыя выбары ў красавіку гэтага года, а затым у чэрвені выбары ў Еўрапарламент. А праз год — маем вайну за тое, хто стане чарговым прэзідэнтам Польшчы, бо цяперашняму Анджэю Дудзе міне ўжо два канстытуцыйныя тэрміны. Дык даражэнькія, прабуджэнне са свят Раства Хрыстовага можа ўвесці нас у стан павышаных эмоцый і нерваў!
Яўген Вапа, тыднёвік “Ніва”, №3, 2024 год