BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каця Барушка: Замоўчваюцца самыя выбітныя моманты нашай гісторыі

У межах адукацыйнага праекту “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” падрыхтаваная серыя адукацыйных відэа для падлеткаў, дзе факты па гісторыі і культуры Беларусі пададзеныя не так, як у школе. Як з’явілася ідэя назваць праграму “Пра гэта вам не раскажуць у школе”? Як цяперашняя школьная праграма Беларусі падладжаная пад бягучую палітычную сітуацыю? І чаму ў беларускіх школах пра некаторыя тэмы замоўчваюць? На гэтыя ды іншыя пытанні адказвае стваральніца праграм Каця Барушка у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Чаму менавіта такая назва – “Пра гэта вам не раскажуць у школе”?

Каця Барушка: Гэтую назву я прыдумала, сыходзячы са сваёй магістарскай працы. Я пісала параўнаўчы аналіз трох падручнікаў з гісторыі Беларусі. Адзін з перыяду савецкага. Другі – з пачатку 90-х і адзін сучасны падручнік. І разглядала канцэпцыю Беларусі, увогуле народу і параўноўвала, як гэтая канцэпцыя прадстаўлена ў гэтых трох перыядах. І гэта, канешне, было штосьці фантастычнае. Як моцна падручнікі прыстасоўваюцца да палітычнай сістэмы. І вельмі шмат бакоў нашай гісторыі, нашай культуры на дадзены момант моцна цэнзуруюцца. Зараз самыя складаныя, самыя супярэчлівыя, самыя цікавыя і выбітныя моманты часта замоўчваюцца. Канешне, ёсць школы, ёсць настаўнікі, якія працягваюць максімальна якасна выконваць сваю працу і адукоўваць нашых беларусаў. Але ўсё ж такі, па нашых назіраннях, шмат недагаворваецца. Таму мы вырашылі дапоўніць школьную праграму, асабліва таму што прыбіраецца звычайна самае цікавае.

РР: Што недагаворваецца цяпер? Як  цяпер можа быць падпарадкавана школьная праграма пад палітычныя моманты?

Каця Барушка: Канцэпцыя Беларусі ў савецкіх падручніках – там быў такі ўступ, што гэты падручнік непажадана вывучаць самастойна, толькі пад наглядам настаўнікаў, бо можна няправільна нешта зразумець і не дай Бог падумаць, што Беларусь – гэта самастойная дзяржава і асобны народ. І была такая класічная догма, што Беларусь – гэта малодшая сястра, трэба слухацца, без вялікай Расеі мы ніхто і нішто. Пазней былі 90-я – гэта такі класічны перыяд адбудовы нацыянальнай свядомасці: ВКЛ, Беларусь, нашчадкі вялікай краіны, якая калісьці была ад мора да мора. А сучасны падручнік дзесьці 15-гадовай даўніны прасоўвае адну думку, што Беларусь існуе, пакуль існуе першы прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя