Два гады расстання з родным горадам. Ці многа гэта, ці мала? Мастачка з Гародні Кацярына Еўдакімава-Енджыеўская лічыць, што гэта вельмі многа. Цяпер яна жыве ў Беластоку, але па-ранейшаму сніць сны пра родныя вуліцы і двары. Дату расстання яна вырашыла адзначыць адмысловым пэрформансам у Беластоку на пляцы Касцюшкі. Тут яна прастаяла гадзіну моўчкі з чамаданам у масцы і ў дзіўным строі. Кацярына Госця Рацыі, з ёй паразмаўляў Васіль Кроква.

РР: Гэты перформанс, які вы паказалі ў Беластоку, ён мае нейкі змест, ці прымеркаваны да нейкай даты?
Кацярына Еўдакімава-Енджыеўская: Ён прымеркаваны да майго двухгадовага знаходжання ў Беластоку. Я не хаваю, што гэта вымушаная эміграцыя. І гэта такі боль і рана, якая не гаіцца, нягледзячы на тое, што тут мяне ніхто не крыўдзіць, ніхто не выганяе. Але ўсе мы хочам вярнуцца ў нашыя дамы. Гэты перформанс называецца «Чамадан, вакзал». Гэта мой ўласны боль, які я вырашыла выказаць моўчкі.
РР: Перформанс не просты мастацкі жанр. Мы ведаем, напрыклад, Алеся Пушкіна і ягоныя палітычныя перформансы. Вы ў Беларусі таксама займаліся перформансам? Або гэта ваш дэбют?
Кацярына Еўдакімава-Енджыеўская: Гэта мой дэбют. Я стаяла і думала пра Алеся Пушкіна. Мы з’язджалі з Гародні 11 ліпеня. І калі праязджалі каля гарадзенскай турмы, я глядзела на яе і думала, што там пакутуе Алесь. І ў 9 раніцы, калі я была ўжо ў Беластоку, мне патэлефанавалі сябры і сказалі, што Алеся ўжо няма. Я ведала яго асабіста. І гэта таксама мой боль – і як за чалавека, і як за сапраўднага беларуса, і як за мастака. Таму дух Алеся і яго энергія таксама прысутнічае ў гэтым перформансе. Я думала пра яго.

РР: Вы самі з Гародні, тут, у Беластоку, вельмі шмат творчых людзей з Гародні – акторы, рэжысёры, мастакі, журналісты, пісьменнікі. Ці адчуваеце вы тут нейкую супольнасць гарадзенскую, ці трымаецеся разам?
Кацярына Еўдакімава-Енджыеўская: Я вам скажу больш: гэта вялікая падтрымка. Я часам іду па горадзе, адчуваю пад нагамі каменьчыкі, узгадваю вуліцу Савецкую, ёсць у Беластоку арачкі падобныя, і тут раптам ты сустракаеш людзей, і я губляюся – я зараз у Гародні спынілася пагаварыць, ці я ў Польшчы ў Беластоку. Гэта вялікая падтрымка. Гэта не азначае, што яны табе пазычаць грошы да заробку, хаця і гэта таксама бывае, гэта адчуванне, што ты тут не адзін. Гэта вельмі важна разумець, што тут людзі з твайго гораду, у вас адны каштоўнасці, у вас адны ўспаміны. Для мяне гэта вельмі важна ведаць, што яны ёсць.
Цалкам размова:
Муж Кацярыны Аляксандр Енджэеўскай, былы актор гарадзенскага тэатру лялек, быў звольнены з тэатра ў 2021 годзе. У 2023-ым увесну яго затрымалі за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы, некалькі дзён трымалі ў ізалятары. Пасля гэтага Енджэеўскія з’ехалі з Беларусі і пасяліліся ў Беластоку.
Беларускае Радыё Рацыя






