Беларускі радыёвядучы, былы выканаўчы прадзюсар тэлеканала АНТ Антон Бяляеў напісаў кнігу “Как я провёл это лето”. У ёй аўтар распавядае пра свой досвед палітвязня. Пра твор і сваё цяперашняе жыццё ў эміграцыі Госць Рацыі – Антон Бяляеў – распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

РР: Што ўяўляе сабой кніга?
Антон Беляеў: Даведнік сабой уяўляе, таму што яна падзеленая дакладна па этапах ад моманту першага адміністрацыйнага арышту да моманту, калі з мяне знялі кайданкі. Там дакладана прасочваецца, як наша сістэма збудавана задам наперад і наадварот ад моманту, калі ты падазраваны, але сядзіш у карцары да моманту, калі ты асуджаны, але апыняешся на свабодзе, хоць павінна быць усё інакш.
Вось над гэтым парадоксам я разважаў нейкі час у гэтай кнізе, а паралельна апісваў усё, што бачыў вакол сябе. Дзякую людзям, якія былі побач, дзякуй нататкам, якія я зрабіў.
РР: Ці можа гэтая кніга быць карысная камусьці – альбо тым, хто цяпер рэлакуецца, альбо тым, хто застаецца пад хатнім арыштам?
Антон Беляеў: Я вось сёння, пакуль ехаў, размаўляў са сваім выдаўцом. Гэтая кніга ўжо пайшла ў тыраж на расейскай мове пакуль, будзе пераклад на беларускі, вядома. Яна пайшла ў тыраж і вельмі хутка будзе ў папяровым выглядзе. І прамільганула думка ў маёй галаве, што было б нядрэнна даслаць гэтую кнігу па ўсіх вядомых адрасах буйных дзяржаўных устаноў, у тым ліку было б нядрэнна даслаць яе і ў турмы. Падумалася мне, што там людзі ў жыцці чыталі не так шмат, буквар і сіненькую. Таму толку гэта вялікага не дасць.
З аднаго боку мне як аўтару крыўдна, я разумею, што да Васіля Быкава мне далёка, але вельмі б хацелася, каб на маіх вершах таксама хтосьці павучыўся.
А людзям, якія знаходзяцца на “хатняй хіміі”, людзям, якія знаходзяцца там унутры, гэтая кніга нічым не дапаможа. Яны ўнутры сістэмы, яны самі гэта ўсё праз сябе прапусцяць, зразумеюць. І я думаю, што нямала людзей, якія да гэтага змогуць прыстасавацца лепш, чым гэта зрабіў я. Але тым, хто там ніколі не быў ці мае адносіны да сістэмы, але яе жахі да канца не асэнсоўвае і не ўяўляе, вось гэтае чытанне было б ім карысным, каб зразумець тое, што яны робяць сваімі рукамі, – гэта не закон і справядлівасць, а фашызм і цемрашальства.
РР: Але ці можа гэтая кніга быць падтрымкай палітвязням?
Антон Беляеў: Напэўна, так, але ўжо на этапе, калі ты не знаходзішся недзе там за кратамі, каб пасля ты змог адрэфлексаваць гэта. Калі гартаеш, то разумееш, што ты не адзін праз гэта прайшоў. У гэтай кнізе ўсё, што напісана, гэта мой вопыт, які памножаны на вопыт тых, хто знаходзіўся там са мной. Там не толькі мае гісторыі, там гісторыі і іншыхх людзей у тым ліку ёсць. І калі яе чытаеш, гартаеш, разумееш, што гэта было не толькі са мной. Праз гэта шмат людзей праходзіла, ва ўсіх ёсць вопыт. Такім вопытам, напэўна, карысна дзяліцца.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






