У лютым 2022 года ў прыгранічнай з Беларуссю і РФ Чарнігаўскай вобласці ўжо панавалі неспакойныя прадчуванні. Акрамя афіцыйных звестак пра павелічэнне групоўкі расейскіх войскаў каля ўкраінскай мяжы, з’яўляліся і прыватныя сведчанні ад тых, хто нядаўна вярнуўся з Гомельшчыны: хтосьці бачыў перамяшчэнне ваеннай тэхнікі, хтосьці чуў размовы пра немінучае ўварванне. Чарнігаўцы па драбніцах збіралі трывожныя навіны і рабілі адпаведныя высновы, бо «дыму без агню» не бывае.

З крам паступова знікалі соль, крупы, кансервы і запалкі. Некаторыя іранізавалі, маўляў, гандляры адмыслова разганяюць паніку, каб павялічыць продажы, але, у асноўным, людзей гэта не надта спыняла. У кожнай сям’і быў падрыхтаваны «трывожны чамаданчык». Тым часам ва ўкраінскай інфармацыйнай прасторы, нягледзячы на аб’ектыўныя факты, пагрозу поўнамаштабнага ўварвання лічылі малаверагоднай. Аднак на пазачарговай сесіі Чарнігаўскага абласнога савета за дзевяць дзён да наступу расейскіх войскаў, былі выдзелены сродкі для сіл тэрытарыяльнай абароны, а стан бамбасховішчаў падлягаў неадкладнаму маніторынгу.
Менавіта гэта і палохала людзей: рознагалоссі ў ацэнцы пагрозы паміж цэнтральнай уладай і мясцовым самакіраваннем спараджалі небяспечныя чуткі. З аднаго боку, памежнікі і прадстаўнікі сілавых структур сцвярджалі, што сітуацыя ў вобласці стабільная і пад кантролем, з другога – мясцовая ўлада запланавала праверку сістэмы апавяшчэння па вобласці, якая ў выніку чамусьці так і не адбылася. Затое раніцай 24 лютага сірэна загучала ўжо па факце пачатку вайны.
Цяпер, праз тры гады, можна з упэўненасцю сказаць: ўкраінцы маглі быць лепш падрыхтаваныя да расейскага ўварвання, калі б «нязручная» інфармацыя не замоўчвалася і не абясцэньвалася, калі б меры абароны насельніцтва ўзмацняліся, а верагодныя ракетныя ўдары не называліся «страшылкамі» вуснамі прадстаўнікоў улады.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя






