Ці працягвае жыць беларуская музыка ў Беларусі? Чаму беларусы працягваюць ісці на канцэрты і слухаць расейскіх выканаўцаў? З якой прычыны не склаўся беларускі шоу-бізнес у Беларусі? І чаму беларускія музыкі крытыкуюць некаторых арганізатараў івэнтаў? На гэтыя ды іншыя пытанні адказвае Госць Рацыі – музыка і журналіст Ігар Палынскі ў гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Ці назіраеце вы за беларускай музыкай менавіта ў Беларусі. Там увогуле нешта адбываецца, ці праходзяць нейкія канцэрты, ці рэпрэсіі паўплывалі на тое, што такое выпаленае поле?
Ігар Палынскі: Пэўны час гэта было выпаленым полем сапраўды. Бо большасць вядомых беларускамоўных, беларускацэнтрычных музыкаў з’ехалі з Беларусі, з-за сваёй пазіцыі былі вымушаныя гэта зрабіць. І ўвогуле пасля таго, як пачаліся рэпрэсіі, людзям было дастаткова слаба зразумела, што ўвогуле адбываецца, ці бяспечна тым, хто застаўся, ладзіць канцэрты. Нават мы ведаем кейс Мерыям Герасіменкі, калі яна выступала ў нейкай менскай кавярні, проста за тое, што яна спела песню на ўкраінскай мове.
А цяпер гэта ўсё прыходзіць у больш-менш нармальны тэмп. Канцэрты мясцовых музыкантаў ладзяцца ў беларускіх гарадах, у Менску праходзяць канцэрты, у тым ліку канцэрты беларускамоўных выканаўцаў. Я за гэтым стараюся сачыць, я стараюся распытваць у сяброў, якія ходзяць на гэтыя канцэрты, якія засталіся там. Яны называюць мне імёны, яны расказваюць мне пра новыя гурты, пра адкрыцці, якія яны для сябе зрабілі. І я стараюся слухаць таксама, знаходзіць гэтых выканаўцаў. І сапраўды беларуская музыка ў Беларусі працягвае існаваць. Гэта шмат у чым сапраўды новая музыка. Больш цікава мне будзе назіраць за тым і ўдзельнічаць у гэтым працэсе, калі мы вернемся і будзем аб’ядноўваць гэтае намаганне пасля таго, як гэта стане бяспечным.
РР: Ты згадаў канцэрты беларускіх музыкаў, але мне згадаліся канцэрты, якія ўсё роўна не спыняюцца ў Беларусі, расейскіх выканаўцаў. І на іх выходзяць тысячы беларусаў. Той жа канцэрт Бузавай, які сабраў 100 тысяч, ці, напрыклад, канцэрты расейскіх музыкаў, якія прывозяць на канцэрт кувалду. Што з гэтым рабіць? І на колькі цікавяць расейскія выканаўцы болей, чым беларускія беларусаў?
Ігар Палынскі: У 2022 годзе адна мая знаёмая, якая не заўважаная ў падтрымцы дзейнай улады, рэжыму і вайны, пайшла на канцэрт расейскага спевака Рыгора Лепса. Я ў яе пытаюся: як? Ты ж бачыш, ты разумееш, што адбываецца. А яна кажа: жыць жа неяк трэба, музыку слухаць хочацца. А я, тыпу, люблю. Яна старэйшая за мяне жанчына адчувальна. Я не знайшоў, што ёй сказаць у адказ на гэтае пытанне. З аднаго боку мне хацелася крычаць: ты ж плаціш яму грошы, ён пойдзе данаціць сваім расейскім вайскоўцам. А пасля паедзе на Данбас, у Крым і будзе спяваць там свае песні. Я не думаю, што гэта трэба тлумачыць, яна ж таксама гэта разумее.
У мяне ў галаве гэта не ўкладваецца. Я шмат у чым рос на расейскамоўнай музыцы, але ў мяне пасля чатырнаццатага, пасля дваццатага, пасля дваццаць другога тым больш, сплылі і зніклі вельмі многія музыканты, якіх я заўсёды лічыў і лічу, напэўна, таленавітымі. Але калі ў чалавека адсутнічаюць маральныя прынцыпы, я б ні за што ў жыцці, напэўна, не пайшоў на яго канцэрт пасля гэтага.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






