З лютага па лістапад 2024 года Расея дадала ў базу вышуку 773 грамадзяніна і нараджэнца Беларусі, піша «Медыязона».

У абноўленым спісе тых, хто знаходзіцца ў вышуку, – каля 30 былых беларускіх палітвязняў. Частка з іх – асуджаныя да «хатняй хіміі» за пратэсты. У базу дадалі шмат беларускіх журналістаў. Сярод іх – расследвальнікі з «Бюро Медиа». У вышуку знаходзяцца тры прадстаўнікі «Беларускага расследавальніцкага цэнтру». У спіс дадалі журналіста і літаратурнага рэдактара Сяргея Дубаўца, некалькі журналістаў «Белсату»: Дзмітрыя Буянава, Ігара Кулея і Дзмітрыя Міцкевіча. У вышук абвесцілі беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне ды шмат іншых беларусаў.
Агулам у расейскай базе вышуку – 3500 чалавек. «Медыязона» папярэджвае: нават калі вы сябе там не знойдзеце, гэта не значыць, што супраць вас няма крымінальнай справы ў Беларусі.






