У першы тыдзень лістапада вернікі звычайна прыносілі знічы ў знак малітвы аб сваіх памерлых блізкіх. Нават калі храм закрылі. Аднак сёлета ўпершыню гэтага не здарылася, звярнуў увагу katolik.life. Відаць, знічкі каля Чырвонага касцёла – таксама пад негалоснай забаронай, як і многае ў цяперашняй Беларусі. Глядзіш, яшчэ і экстрэмісцкімі абвесцяць свечкі каля касцёла.
Нагадаю, менскія ўлады пазбавілі вернікаў Чырвонага касцёла яшчэ ў кастрычніку 2022 года. Чыноўнікі, праўда, тады сцвярджалі, што прычына ў рамонце, які неабходна правесці ў памяшканні пасля пажару. Як паведамлялі восенню ў КУП “Мінская спадчына”, будынак выведзены з эксплуатацыі на перыяд аднаўленчых прац. Паколькі Чырвоны касцёл у вернікаў забралі, то яны прыходзілі памаліцца каля яго. Аднак і гэта потым забаранілі. Потым менскія ўлады забаранілі каталікам праводзіць набажэнствы на прылеглай тэрыторыі і ў плябаніі Чырвонага касцёла. І патлумачылі гэты тым, што ў дадзеным выпадку гэта будзе масавым мерапрыемствам. Уяўляеце? Набажэнствы на прылеглай тэрыторыі касцёла – гэта ўжо масавае мерапрыемства. Пасля гэтага цалкам зразумела, чаму сёлета няма свечак. Ды таму што гэта ўлады лічаць масавым мерапрыемствам. Так прыйдзеш свечку паставіць, а потым апынешся за кратамі на некалькі год. За масавае мерапрыемства, калі будзеш з сям’ёй. І за адзіночны пікет, калі сам прыйдзеш.
Беларускае Радыё Рацыя