
Каляда, каляда — і не аднаму з нашых чытачоў пакоціцца з вачэй сляза. Сляза тугі па мінулым, сляза чалавечага прамінання, ці сляза чакання сваіх блізкіх і родных. Сляза, што дазваляе нам разам з зіхаценнем каляднай зоркі, цацачнай ялінкі, непаўторным, хатнім смакам і пахам сямейнай вячэры — адчуць праз тую слязіну з вачэй усе свае спадзяванні, надзеі, расчараванні. Раз яна скрытая, другі раз коціцца праліўным струменьчыкам жалю і ачышчэння. У кожнага з нас свае гісторыі і вобразы тых дзён Ражджаства Хрыстовага, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне сямейнымі расказамі і застаюцца з дзяцінства да старасці ў чаканні лепшага. Калядны цуд нашых мараў і сноў з’ядноўвае сямейнікаў, родных, грамадствы ў дабрыні чалавецтва, нягледзячы на ўсе матэрыяльныя багацці і спаборніцтвы за іх.
Ісус Хрыстос — маленькае дзіця народжанае не ў царскіх палацах, але ў цёмнай пячоры, сярод бедных пастушкоў і іхніх жывёл, з першай хвіліны свайго зямнога прыбыцця апынуўся сярод тых, што складалі большасць тадышняга, звычайнага грамадства, тых, якія штодзённай, цяжкай працай стараліся пераадолець усе жыццёвыя клопаты, не выкідаючы аднак з сябе дабра, узаемадапамогі, гасціннасці. Маленькі Збаўца ўліў чалавецтву на тысячагоддзі надзею на лепшае ў свеце бачным і нябачным, у свеце са сваімі асабістымі і агульначалавечымі дасягненнямі і трагедыямі, у свеце вечнасці кахання, але і войнаў, радасці нараджэння і цярпення ад хвароб і беднасці. І нягледзячы на ілюзіі, што да поўнай мірнасці тэхналагічнага прагрэсу, называнага зараз часта рэвалюцыямі, і ахвоты некаторых схапіць нават Усявышняга ў бязмежным космасе — то цуд таямніцы яго нараджэння, а потым уваскрэсення надалей мільёнам людзей на свеце застаецца зарукай нашай духоўнай бяспекі, чалавечай спагадлівасці і справядлівасці. Хрыстос нараджаецца — славім Яго!
Ужо за намі Каляды па грыгарыянскім каляндарным стылі. У гэтым годзе да святкавання Ражджаства Хрыстовага ў тым тэрміне апрача католікаў, пратэстантаў, праваслаўных на захадзе, поўдні Еўропы і ў нас — на захад ад Буга ў Польшчы, на афіцыйным узроўні далучыліся Украінская Праваслаўная Царква і Украінская Уніяцкая Царква — адмаўляючыся ад юліянскага календара. Нават частка парафій Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату таксама зрабіла такі выбар. Таксама і ўніяты ў Польшчы перайшлі на снежаньскі тэрмін Каляд. Царкоўныя сіноды далі кароткі, пераходны час і для магчымасці святкавання па старым стылі, але папраўдзе кажучы — каляднае малако разлілося. Таму гэтымі днямі глядзеў я ўважліва ўкраінскія тэлеканалы даступныя ў маёй кабельнай сетцы і адсочваў украінскія медыя ў інтэрнэце, каб даведацца пра што гавораць улада і вернікі, калі вакол іх ідзе крывавая вайна.
Кожны, хто хоць крыху жыве праваслаўным духам, добра ведае і разумее, якой жывой царквой з’яўляюцца праваслаўныя ўкраінцы, якія менавіта пасля развалу Савецкага Саюза ў трыкутніку Кіеў — Масква — Мінск выбудавалі духоўнае і нацыянальнае адраджэнне, нягледзячы на маскоўскія палітычныя інтрыгі. Адкрытая ваенная агрэсія Масквы супраць Украіны з 2014 года з наяўнай і нахабнай падтрымкай крамлёўскай Праваслаўнай Царквы, бласлаўляючай захоп і генацыд украінцаў, непазбежна мусіла прывесці да такой сітуацыі. Аб’яўленне сваёй аўтакефаліі — гэта духоўная і палітычная самаабарона перш за ўсё ад расейскага імперыялізму і шавінізму. Памятайма таксама, што менавіта Кіеў быў тым гістарычным месцам, дзе ў 988 годзе адбылося дзяржаўнае хрышчэнне з Візантыі, якое лічыцца галоўным ва ўсім тадышнім усходнеславянскім свеце. Затым нічога дзіўнага, што зараз ва ўсходне-цэнтральнай Еўропе сталіца духоўнага, праваслаўнага свету можа натуральным чынам вяртацца ў Кіеў, пазбаўляючы гэтага рангу Маскву — адну з самых вялікіх форм уздзеяння каланіяльнай палітыкі «рускага міру». На жаль, спалучэнне і падпарадкаванне праваслаўнага, сакральнага свету свецкім уладарам прыносіць вернікам гэтай Царквы няшчасці, боль і слёзы. Таму, святкуючы студзеньскімі днямі ў нашым падляшскім куточку Ражджаство Хрыстовае ў міры, хочацца жадаць мірнага неба над усімі людзьмі нашай чалавечай Зямлі.
Яўген Вапа, “Ніва”, №1, 2024 год