BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каманда беларусаў стварае першую беларускамоўную разумную калонку Adam

Яна будзе разлічаная як на дарослых, так і на дзяцей і дапаможа паглыбіцца ў нацыяныльны кантэкст.

Якім чынам усё будзе працаваць, нашаму радыё распавёў Госць Рацыі, прадстаўнік праекту.

– Мы ствараем першую ў свеце беларускамоўную разумную калонку з інтэграваным чатам GPT. Наша мэта — зрабіць так, каб беларусы мелі магчымасць карыстацца сучаснай тэхналогіяй на роднай мове, падобна таму, як гэта даступна для рускамоўных або англамоўных карыстальнікаў. Па сутнасці, гэта будзе беларускамоўны аналаг “Яндэкс.Алісы”, “Amazon Alexa” або “Google Home”.

– Наша прылада стане адзінай платформай, якая аб’ядноўвае беларускія сэрвісы і кантэнт. Мы ўсведамляем, што для многіх беларусаў доступ да беларускамоўнага кантэнту абцяжараны: людзі не ведаюць, дзе яго знайсці. Мы жадаем вырашыць гэтую праблему, робячы кантэнт даступным і зручным.

– Мы хочам аб’яднаць увесь магчымы беларускамоўны кантэнт, каб яго можна было лёгка знаходзіць праз галасавую каманду. Гэта могуць быць аўдыякнігі, падкасты і розныя іншыя сэрвісы. Акрамя таго, мы плануем падтрымліваць і прасоўваць беларускія сэрвісы праз нашую прыладу.

РР: Як гэта працуе?

– Карыстальнік можа раніцай, напрыклад, сказаць: “Эй, Адам, што адбылося цікавага ўчора ў Варшаве?” і атрымаць зводку навін. Калі карыстальнік пажадае слухаць музыку або падкаст, дастаткова будзе папрасіць: “Пастаў мне альбом [назва] са Spotify”.

– Мы таксама плануем навучыць прыладу запамінаць індывідуальныя перавагі карыстальнікаў і адаптавацца пад іх інтарэсы. Напрыклад, калі чалавек аддае перавагу навінам з пэўных крыніц, прылада будзе збіраць менавіта іх.

РР: Чаму “Адам”?

Назву выбралі з улікам некалькіх крытэрыяў:

  1. Простасць вымаўлення і напісання.
  2. Графічная прывабнасць.
  3. Звязанасць з беларускай культурай, але без рэлігійных асацыяцый.

– “Гэй, Адам” лёгка запамінаецца, гучыць натуральна і мае пэўныя культурныя адсылкі, што робіць гэтую назву ідэальнай для нашага праекта.

РР: Для каго гэты праект?

– Мы хочам, каб прылада была карыснай як дарослым, так і дзецям. Дзеці могуць выкарыстоўваць яе для гульняў, навучання і практыкі беларускай мовы. Для дарослых яна стане інструментам для зручнага доступу да інфармацыі, музыкі і іншых сэрвісаў.

РР: Якія стадыі мае праект?

– На дадзены момант мы стварылі proof of concept. На сайце adam.by.ai вы можаце азнаёміцца з нашымі матэрыяламі і працуючай мадэллю. Колонка ўжо ўмее размаўляць па-беларуску, разумее вашы каманды і адказвае.

РР: Якая каманда і вакансіі?

– Наша каманда складаецца з:

  • Маркетолага, які распрацоўвае маркетынгавую стратэгію;
  • Кіраўніка праекта, які адначасова з’яўляецца інжынерам;
  • Бэкэнд-інжынера;
  • iOS-інжынера;
  • Прадуктовага дызайнера.

– Мы шукаем новых спецыялістаў: маркетолагаў, QA-інжынераў, ML-інжынераў, а таксама дызайнераў User Experience для галасавых інтэрфейсаў.

РР: Якія планы на будучыню?

– У бліжэйшыя месяцы мы дапрацуем MVP, запусцім закрытую бэта-версію і пачнем тэставанне на групе лаяльных карыстальнікаў. У перспектыве — краўдфандынгавая кампанія для вытворчасці першых сотняў прылад.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Больш пра калонку можна даведацца на сайце. З прадстаўніком праекту гутарыла Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя